Справу Андрэя Пачобута працягнулі

Гарадзенскі карэспандэнт польскай «Gazety Wyborczej» Андрэй Пачобут па-ранейшаму абвінавачваецца ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку і знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Інфармацыю пра працягненьне расьсьледаваньня прэсавай службе Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) пацьвердзіў сьледчы па справе Арсень Нікольскі. Ён не ўдакладніў, на які тэрмін працягнулі расьсьледаваньне.

Андрэя Пачобута затрымалі ў яго кватэры ў Горадні 21 чэрвеня. Перад гэтым у памяшканьні правялі ператрус і забралі кампутары. Пачобут прабыў у гарадзенскім сьледчым ізалятары да 30 чэрвеня, пасьля чаго быў вызвалены пад падпіску аб нявыезьдзе.

“З таго часу ад сьледзтва абсалютна ніякай інфармацыі”, – распавёў прэс-службе БАЖ сам Пачобут.

“Паколькі я адмаўляюся супрацоўнічаць са сьледзтвам, мяне не выклікаюць на допыты і не бяруць ніякіх паказаньняў. Нават пра працягненьне расьсьледаваньня крымінальнай справы не даслалі ніякага паведамленьня, хоць пасьля вызваленьня з СІЗА яны маюць права гэтага і не рабіць”, – гаворыць гарадзенскі журналіст.

Андрэй Пачобут мяркуе, што напярэдадні парлямэнцкай кампаніі беларускія ўлады не хочуць акцэнтаваць увагу міжнароднай супольнасьці на крымінальнай справе супраць журналіста.

“Думаю, да яе сьледчыя вернуцца адразу ж пасьля парлямэнцкіх выбараў”, – кажа Андрэй Пачобут.

svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні