
Праваабаронцы заклікаюць прадстаўнікоў міжнародных і беларускіх арганізацый 4-га жніўня адправіць Аляксандру Лукашэнку петыцыю з патрабаваннем вызваліць Алеся Бяляцкага. Па словах Валянціна Стэфановіча з праваабарончага цэнтра “Вясна”, дзень арышту Бяляцкага ўстаноўлены Міжнародным днём салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю і праваабарончым рухам у Беларусі:
– Гэта была ініцыятыва нашых калегаў, Міжнароднага камітэта па кантролю за сітуацыяй у Беларусі, якія працавалі 19 снежня. Мы канешне вельмі ўсцешаныя, што нашыя калегі вырашылі так вось падтрымаць Алеся, і яшчэ раз звярнуць увагу на сітуацыю ў Беларусі з правамі чалавека, з палітычнымі вязнямі, з беларускімі праваабарончымі арганізацыямі, якія працуюць у цяжкіх, неспрыяльных умовах.
Тэкст петыцыі, які размешчаны на сайце “Вясны”, можна падпісаць і перадаць у пасольства Беларусі ў сваёй краіне, альбо адправіць у адміністрацыю Лукашэнкі.
Як раней заўважыў нашаму радыё еўрадэпутат Марэк Мігальскі, улады Беларусі адсочваюць з’яўленне падобных заяў і петыцый. Сам еўрадэпутат ініцыяваў падпісанне сумеснай заявы па сітуацыі ў Беларусі, у якой 15 еўрапейскіх палітыкаў патрабуюць вызваліць беларускіх палітвязняў:
– Мы перакананыя ў тым, што ўлады Беларусі адсочваюць тое, што пра іх пішуць і кажуць у Еўропе. Таму я перакананы, што яны ўжо ведаюць пра гэтую петыцыю, і маю надзею, што зарэагуюць на яе адпаведным чынам, гэта значыць адбудзецца змякчэнне рэжыму і спыненне рэпрэсій.
4-га жніўня споўніцца роўна год з часу затрымання лідара “Вясны”, віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага. У гэты дзень рыхтуюцца акцыі салідарнасці са зняволеным праваабаронцам як у Беларусі, так і па-за межамі краіны.
racyja.eu