Алена Каваленка: Тры дні і тры ночы Сяргей быў звязаны

“Сэрца разрываецца, калі яго ўбачыла,” – сказала Алена Каваленка пасля спаткання са сваім мужам Сяргеем Каваленкам.

Працяглы час ён галадае, пратэстуючы супраць свайго зняволення. Зараз ён знаходзіцца ў шпіталі калоніі “Віцьба-3”, дзе яго пачалі прымусова карміць праз зонд сумессю з бульбяным пюрэ. Таксама працяглы час ён знаходзіцца пад кропельніцай. Бачна, што там яму вельмі цяжка.

Алена Каваленка:

– З яго словаў я зразумела, што ў “Віцьбе” яму яшчэ горш, чым было дагэтуль. Тыдзень таму, у чацвер, ён ужо быў амаль непрытомны, у стане поўнай прастрацыі. Тры дні і тры ночы ён быў звязаны, ноччу яго не адвязвалі, ён не мог спаць. Акрамя гэтага, ахоўнік свядома не пускаў яго ў туалет. Сяргей пачаў з імі спрачацца, пасля чаго яны яго звязалі, так ён прамучыўся да раніцы. Усе гэтыя дні ён харкае бурай крывёй, у яго увесь час баліць жывот, як ад язвы.

Ён адчувае болі ў нырках, печані, не функцыянуе страўнік і падстраўнікавая залоза. Акрамя гэтага, ён прастудзіўся, а пасля прымусовых кармленняў і кропельніцы ў яго развілася інтаксікацыя. Сяргей Каваленка з-за слабасці амаль не ўстае з ложка.

Па словах Алены Каваленкі, калі б яе мужа паклалі ў звычайны шпіталь, ён бы пачаў есці самастойна. Хаця доктар турэмнай медычнай установы запэўніў, што робіць усё магчымае, каб выратаваць Сяргея і вывесці з гэтага стану. Але па меркаванню Алены Каваленкі, ва ўмовах турмы, шанцаў на выратаванне ў яго вельмі мала. “Спадзяюся толькі на Бога” – сказала яна.

Намеснік старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі перадаў галоўнаму ўрачу мінскай клінічнай бальніцы №9 Валерыю Кушнірэнку ліст з просьбай выратаваць паміраючага ад галадоўкі Сяргея Каваленку. Раней яго ўжо аглядалі ў гэтай клініцы. Зараз кіраўніцтва партыі заклікае медыкаў праявіць ініцыятыву і звярнуцца ў Міністэрства ўнутраных спраў, каб перавесці Каваленку з аддзялення рэспубліканскай турэмнай бальніцы пры калоніі “Віцьба-3”.

– Падставы дзеля гэтага наступныя: Сяргея ўжо аглядаў лекар у 9-й клініцы. Па-другое, у 9-й клініцы ёсць медыкі, прафесійна падрыхтаваныя менавіта дзеля таго, каб выводзіць чалавека з такога стану, у якім ёсць сёння Сяргей Каваленка. Ёсць там і адпаведнае абсталяванне. Тое, што нам сёння вядома, як лечаць Сяргея ў турэмным шпіталі на “Віцьбе-3”, то гэта не кладзецца не тое што ў нейкія медычныя методыкі, гэта не кладзецца нават у здаровы сэнс.

Па словах Юрася Беленькага, у турэмным шпіталі пры калоніі “Віцьба-3” няма нават клінічнай лабараторыі, немагчыма зрабіць аналіз крыві. А прымусовы вывад Каваленкі з галадоўкі ажыццяўляецца з пагрозай ягонаму здароўю і нават жыццю, без выкарыстання вядомых методык. “Мы напрамкі звярнуліся да медыкаў: вы ж давалі клятву Гіпакрата. Ваша прафесія – ратаваць людзей. На вашых вачах гіне чалавек – зрабіце хоць нешта, каб яго выратаваць”, – распавёў Юрась Беленькі пра сваю сустрэчу з галоўным урачом клінікі №9.

racyja.com

Іншыя палітычныя вязьні

  • Артур Фінькевіч
  • Сяргей Каваленка
  • Славамір Адамовіч
  • Алег Волчак