Вырак Каваленку — 2 гады 1 месяц калоніі (відэа)

Віцебскі апазіцыянер Сяргей Каваленка прыгавораны да двух гадоў і аднаго месяца калоніі агульнага рэжыму. Такі прыгавор абвясціла 24 лютага суддзя суда Першамайскага раёна Віцебска Алена Жук.

Пакідаючы залу судовага пасяджэння, Каваленка паспеў крыкнуць: “Слава нацыі!”.

Пракурор Дзмітрый Лутаў прасіў суд прыгаварыць апазіцыянера да двух гадоў і васьмі месяцаў пазбаўлення волі. Адвакаты, у сваю чаргу, заявілі, што іх падабаронны не ўчыняў наўмысных хуліганскіх дзеянняў. Сам Каваленка ў сваім апошнім слове гаварыў пра бел-чырвона-белы сцяг, яго гісторыю. Ён заявіў, што яго акцыя з вывешваннем сцяга на галоўнай ёлцы Віцебска ў 2010 годзе не была хуліганствам, а мела выключна палітычны сэнс.

Член Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргей Каваленка абвінавачваецца ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Гаворка ідзе пра пакаранне, якое вынес апазіцыянеру ў маі 2010 года суд Кастрычніцкага раёна Віцебска за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай ёлцы Віцебска 7 студзеня таго ж года. Адбываючы пакаранне, Каваленка нібыта ўчыніў чатыры парушэнні, сцвярджаюць супрацоўнікі міліцыі. Член КХП-БНФ быў затрыманы 19 снежня мінулага года і з таго часу ўтрымліваецца ў следчым ізалятары. У знак пратэсту ён аб’явіў галадоўку.

belapan.com

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Абозаў
  • Аляксандар Атрошчанкаў
  • Зьміцер Паліенка
  • Мікола Маркевіч