
На «Свабоду» патэлефанаваў зьняволены Івацэвіцкай калёніі № 5, які з дазволу іншага асуджанага, палітвязьня Мікалая Аўтуховіча, надыктаваў нам ліст, які прыйшоў у гэтую ўстанову з Кангрэсу ЗША ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Джона Шымкуса.
Само пасланьне на імя Аўтуховіча, датаванае 21 верасьня, было ўручанае палітвязьню на мінулым тыдні ў кабінэце начальніка калёніі. Паколькі сярод адміністрацыі ўстановы не знайшлося людзей зь веданьнем мовы, для перакладу запрасілі асуджанага, які вывучаў мову ў школе, а потым самастойна ў калёніі.
Прапануем тэкст пасланьня ў гэтым перакладзе.
Дарагі сп. Мікалай Аўтуховіч!
Ад імя Кангрэсу ЗША і пэрсанальна як прадстаўнік Палаты я хачу выказаць сваю ўсебаковую падтрымку і салідарнасьць з Вамі і Вашай сям’ёй у сувязі з Вашым незаконным заключэньнем рэжымам Лукашэнкі. Я хачу перадаць Вам, што Злучаныя Штаты будуць працягваць падтрымліваць людзей у Беларусі.
Урад ЗША пасьля жорсткага перасьледу ўдзельнікаў падзеяў 19 сьнежня ўстанавіў дадатковыя эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да беларускага ўраду і будзе пры неабходнасьці ўводзіць гэтыя санкцыі і надалей. Урад ЗША патрабуе, каб усе палітвязьні былі вызваленыя перад пачаткам любых перамоваў з рэжымам Лукашэнкі.
Сытуацыя з дэмакратыяй і правамі чалавека патрабуе рашучых зьменаў. Правы чалавека і свабода — гэта спэцыфіка не ЗША, а любога рэгіёну сьвету, неад’емная частка кожнага дэмакратычнага грамадзтва. Цяпер вы гэтага права пазбаўленыя. Але, калі ласка, будзьце ўпэўненыя ў тым, што людзі ЗША падтрымліваюць Вашы намаганьні ў барацьбе за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі, пакуль гэтая мара ня стане рэальнасьцю.
Сьвет стаў больш інфармаваным што да жудасных умоваў беларускіх зьняволеных. Вызваленыя вязьні дэталёва апісалі катаваньні, якія ўжываліся ў дачыненьні да іх. Гэтыя дзеяньні не засталіся без увагі, і ўрэшце Лукашэнка ды ягоны рэжым будуць несьці адказнасьць.
Мае асабісты малітвы ідуць да Вас і Вашай сям’і для ўмацаваньні духу. Мужнасьці і надзеі на вызваленьне.
Ваш Джон Шымкус.
Да ліста кангрэсмэн Шымкус прыклаў сваю прамову на першай сэсіі Палаты прадстаўнікоў 21 верасьня. Яе таксама зачыталі ў тым жа перакладзе ў кабінэце начальніка калёніі, а потым уручылі палітвязьню.
У прамове адзначалася, што нават і цяпер, праз шмат месяцаў пасьля падзеяў 19 сьнежня, у беларускіх вязьніцах па-ранейшаму ўтрымліваюцца палітзьняволеныя, якіх прэзыдэнт Лукашэнка выкарыстоўвае дзеля торгу зь міжнароднай супольнасьцю ў эканамічных мэтах. Паводле Джона Шымкуса, «упершыню за 17 гадоў людзі ў Беларусі шукаюць рэальную альтэрнатыву і патрабуюць дэмакратычных зьменаў. Цяпер самы час інвэставаць у дэмакратыю ў Беларусі. Акно, якое існуе цяпер для апазыцыі, можа быць нядоўгім. Людзям у Беларусі патрэбная наша падтрымка, і мы будзем яе аказваць, пакуль не падзе дзейны жорсткі рэжым».
Як заўважыў аўтар тэлефанаваньня, шмат якія словы пасланьня, кшталту «падзеньня жорсткага рэжыму», прагучалі ў кабінэце начальніка калёніі ўпершыню.
svaboda.org