
Беларускі палітвязень Зміцер Бандарэнка мае шанцы на атрыманне прэміі Сахарава гэтага года.
Рэпрэсаваны палітык трапіў у фінальную частку адбору намінантаў, заявілі ў чацвер агенцтву ЭФЭ крыніцы ў Еўрапейскім парламенце, перадае «Інтэрфакс Захад».
Зміцер Бандарэнка – давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава, асуджаны па справе «19 снежня» да двух гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.
Па дадзеных суразмоўцаў агенцтва, прэтэндэнтамі на прэмію таксама з’яўляюцца актывісты «арабскай вясны», і «Супольнасць Сан-Хасэ дэ Апартада», якая падвяргалася шматлікім нападам у Камулмбіі.
Рашэнне аб тым, хто варты прэміі Сахарава, будзе прынятае на наступным тыдні, адзначае ЭФЭ.
Еўрапарламент заснаваў прэмію «За свабоду думкі» імя Андрэя Сахарава ў 1988 годзе. Яна ўручаецца штогод людзям і арганізацыям, якія праявілі сябе ў справе абароны правоў чалавека і фундаментальных свабодаў. Цырымонія адбываецца ў адзін з дзён каля 10 снежня. Гэтая дата абраная ў сувязі з падпісаннем 10 снежня 1948 года Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ААН.
Першымі лаўрэатамі прэміі імя Сахарава ў 1988 годзе сталі савецкі дысідэнт Анатоль Марчанка (пасмяротна) і паўднёваафрыканскі змагар супраць апартэіду Нэльсан Мандэла.
charter97.org