Аляксандар Чыгір

Малодшы сын былога прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Чыгіра.

Справу Аляксандра Чыгіра з самага пачатку называлі палітычнай. На думку экспэртаў, яна была ськіраваная на Міхаіла Чыгіра, які ў 1996 годзе пакінуў пасаду кіраўніка беларускага ўраду з-за нязгоды з палітыкай Аляксандра Лукашэнкі. Чыгір-старэйшы правёў за кратамі 8 месяцаў.

Храналёгія перасьледу

Аляксандра Чыгіра судзілі аж тройчы. Першы раз ён правёў за кратамі 3 гады з тых 7, да якіх ён быў прыгавораны. Яму інкрымінавалі крадзеж аўтамабіляў і перапродаж іх запчастак. Уладамі было скарыстана тое, што малады чалавек сапраўды з юнацкіх гадоў любіў машыны, добра разьбіраўся ў іх, самастойна займаўся рамонтам і дапамагаў рабіць гэта сябрам.

Пасьля вызваленьня Аляксандра ў 1999 г. на яго завялі новую справу па старым абвінавачаньні, да якога яшчэ дадалася “незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць”. 20 лютага 2001 г. было вылучанае абвінавачаньне па арт. 205 ч. 4 Крымінальнага кодэксу РБ: “Таемны крадзеж маёмасьці, учынены паўторна групай асобаў у асабліва буйных памерах”. Маці Аляксандра Юлія Чыгір тады заявіла, што пакуль ня пройдуць прэзыдэнцкія выбары, адным з кандыдатаў на якіх мяркуе быць М. Чыгір, сына будуць трымаць пад вартай і абвінавачваць ва ўсіх дзяржаўных СМІ Беларусі, каб цень падаў найперш на бацьку.

З канца лютага 2001 г. Аляксандар Чыгір знаходзіўся ў сьледчым ізалятары. За гэты час ён ня меў ніводнага спатканьня са сваякамі, а ягоны адвакат Аляксандар Пыльчанка быў жорстка зьбіты невядомымі.

6 сакавіка 2002 г. суд Ленінскага раёну Менску асудзіў Аляксандра Чыгіра на 7 гадоў пазбаўленьня волі, прызнаўшы яго вінаватым у пасобніцтве ўчыненьню сэрыі крадзяжоў мікрааўтобусаў “Форд-Транзыт”. Разам зь ім да парацяглых тэрмінаў зьняволеньня прыгавораныя таксама Дзьмітрый Юскевіч і Антон Яшын (уся справа будавалася на тым, што 19 лютага 2001 г. яны зьявіліся ў міліцыю з павіннай; на судзе заявілі, што паказаньні з іх выбілі катаваньнямі).

Аляксандар Чыгір адбываў тэрмін зьняволеньня ў Івацэвіцкай калёніі. У сьнежні 2002 г. быў дастаўлены ў Менск, дзе яму прад’явілі яшчэ адно абвінавачаньне — у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці.

16 траўня 2003 г. ў Ленінскім судзе Менску пачаўся другі за два гады працэс над сынам былога прэм’ер-міністра. На думку сьледзтва, нібыта 15 разоў на заяўку Чыгіра-малодшага ў Менску выкрадалі іншамаркі і прыганялі яму для таго, каб разьбіраць на запчасткі і прадаваць. Аднак не было знойдзена ніводнага з саўдзельнікаў, якія ўчынялі выкраданьні і, такім чынам, сам факт іх існаваў толькі на паперы. Тэрмін пакараньня новая справа не зьмяняла.

Справы, якія датычацца гэтага чалавека:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Мядзьведзь
  • Ільля Васілевіч
  • Віталь Рымашэўскі
  • Андрэй Жукавец
  • Іван Шыла