Марыя Калеснікава застанецца пад вартай

Сёння, 21 студзеня, у Мінскім гарадскім судзе разглядалася скарга абароны Марыі Калеснікавай на пастанову суда Партызанскага раёна г.Мінска аб падаўжэнні...
Read More

Максім Знак: Важны кожны дзень…

Палітвязень Максім Знак падзяліўся некаторымі сваімі назіраннямі з-за кратаў. “Кожны спадзяецца, што вызваленне адбудзецца крыху раней - умоўна, з заменай...
Read More

Цэнзура не прапускае на волю лісты Сцяпана Латыпава

Блізкія палітвязня Сцяпана Латыпава распавялі, што з ліставаннем са Сцяпанам – самая сапраўдная бяда. “За апошні тыдзень ён адправіў 60...
Read More

Заява ISC/CD аб затрыманні Алеся Бяляцкага

Міжнародны няўрадавы Каардынацыйны камітэт Супольнасці дэмакратый (ISC/CD) асудзіў арышт вядомага беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага. ISC/CD патрабуе неадкладна вызваліць старшыню Праваабарончага цэнтру “Вясна” і ўсіх беларускіх палітвязняў.

Міжнароднае таварыства “Мемарыял” патрабуе вызваліць Алеся Бяляцкага

Міжнароднае таварыства “Мемарыял” выступіла з заявай, у якой патрабуе неадкладнага вызвалення старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага і ўсіх палітзняволеных у Беларусі. Таварыства аб’ядноўвае дзесяткі арганізацый у Расіі, Казахстане, Латвіі, Украіне і Грузіі, якія займаюцца праваабарончай, асветніцкай і даследніцкай дзейнасцю.

Поўны тэкст заявы:

Тэрміновая заява Абсерваторыі па абароне праваабаронцаў па апошніх падзеях у справе Алеся Бяляцкага

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў звярнулася да беларускіх уладаў з нагоды апошніх падзеяў у справе Алеся Бяляцкага.

“Абсерваторыю праінфармавалі аб фактах пераследу супраць актывістаў кампаніі за вызваленне старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” і віцэ-прэзідэнта FIDH Алеся Бяляцкага.

Amnesty International прызнала Алеся Бяляцкага вязнем сумлення

Amnesty International прызнала Алеся Бяляцкага вязнем сумлення

Amnesty International заявіла пра гэта 11 жніўня, далучыўшыся да петыцыі міжнародных праваабарончых арганізацый за неадкладнае і безумоўнае вызваленне кіраўніка “Вясны” і віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека Алеся Бяляцкага.

Libereco – Partnership for Human Rights: “Мы ўсе за Алеся”

Праваабарончая арганізацыя Libereco – Partnership for Human Rights ініцыявала акцыю ў падтрымку Аляся Бяляцкага на інтэрнет-старонцы ў Facebook. Там змешчаны зварот да прэзідэнта Беларусі з патрабаваннем неадкладнага і безумоўнага вызвалення вядомага праваабаронцы.

Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе Libereco – Partnership for Human Rights:

ЗАЯВА ПРАВААБАРОНЧАГА ЦЭНТРУ “ВЯСНА”

ЗАЯВА ПРАВААБАРОНЧАГА ЦЭНТРУ “ВЯСНА”

4 жніўня 2011 г. у межах крымінальнай справы, узбуджанай па ч.2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь – “утойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры” – быў затрыманы старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна”, віцэ-прэзідэнт FIDH Алесь Бяляцкі. Санкцыя ў межах артыкула, які інкрымінуецца Алесю Бяляцкаму, прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Ацэнка Праваабарончага цэнтра “Вясна” судовых працэсаў па крымінальных справах па падзеях 19 снежня 2010 г.

Ацэнка Праваабарончага цэнтра “Вясна” судовых працэсаў па крымінальных справах па падзеях 19 снежня 2010 г.

ВЫСНОВЫ:

# Падзеі 19 снежня 2010 г. сталі вынікам правядзення несправядлівых, недэмакратычных выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія не былі прызнаны адпавядаючымі міжнародным стандартам у галіне свабодных выбараў, і якія суправаджаліся шматлікімі парушэннямі.

# Шэсце па праспекце Незалежнасці і мітынг на плошчы Незалежнасці насілі мірны характар, паколькі ўдзельнікі мелі мірныя намеры, скіраваныя на выказванне свайго меркавання і пратэсту ў сувязі з адбыўшыміся выбарамі.

# Мітынг на Кастрычніцкай плошчы і шэсце па праезжай часцы пр. Незалежнасці хаця і стварылі пэўныя нязручнасці для жыхароў гораду, тым не менш не ўяўлялі прагрозы грамадскаму парадку, жыццю і здароўю грамадзянаў.

# Паводзіны  некаторых асобаў, якія прадпрынялі актыўныя дзеянні каля будынку Дома Ураду, насілі характар правапарушэнняў, аднак не спыняліся супрацоўнікамі міліцыі, не лакалізаваліся.

# Працягласць дадзеных супрацьпраўных дзеянняў, колькасць задзейнічаных у іх асобаў, памер нанесенай шкоды не дазваляюць казаць аб наяўнасці масавых беспарадкаў на пл. Незалежнасці і, адпаведна, пра ўдзел асобаў, якія прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці, у масавых беспарадках.

# Дзеянні міліцыі па разгоне мірнага сходу на пл. Незалежнасці, насілі абсалютна непрапарцыйны характар і адзначыліся безпадстаўнай жорскасцю ў дычыненні да дэманстрантаў.

# Папярэдняе следства па падзеях 19 снежня 2010 г. суправаджалася сур’ёзнымі парушэннямі правоў чалавека, сярод якіх: парушэнне права на абарону, парушэнне прызумпцыі невінаватасці, выкарыстанне дзеянняў непрацэсуальнага характару, катаванняў і ншых жорсткіх, бесчалавечных відаў абыходжання, якія прыніжаюць чалавечую годнасць.

# Судовыя працэсы па справе насілі загадзя прадвызначаны характар і абвінаваўчы ўхіл.

# Дадзеныя судовыя працэсы яшчэ раз падкрэслілі поўную залежнасць судовай сістэмы ў Беларусі ад выканаўчай улады, а ціск і пазбаўленне ліцэнзій Міністэрствам юстыцыі шэрагу адвакатаў, што прымалі ўдзел у справе, сведчаць аб адсутнасці інстытута незалежнай адвакатуры.

# Дадзеныя абставіны сведчаць аб адсутнасці доступу асуджаных да справядлівага і незалежнага судовага разбіральніцтва.

# Характар правядзення папярэдняга следства і судоў па дадзеных крымінальных справах яскрава сведчыць аб іх палітычным характары.


Пры такіх абставінах Праваабарончы цэнтр “Вясна” заяўляе:

1. Вынесеныя прысуды па крымінальных справах па ч.ч.1, 2 арт. 293 і ч. 342 КК Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца незаконнымі і павінны быць адменены ці перагледжаны.

2. Усе асуджаныя па дадзеных крымінальных справах прызнаюцца намі палітычнымі вязнямі. Праваабарончы цэнтр “Вясна” патрабуе іх неадкладнага вызвалення.

 

У сувязі з завяршэннем папярэдняга следства і правядзеннем шэрагу судовых працэсаў па крымінальных справах, узбуджаных па падзеях на пл. Незалежнасці ў Мінску 19 снежня 2010 г., Праваабарончы цэнтр “Вясна” адзначае наступнае:

Па факту падзеяў на пл. Незалежнасці была ўзбуджаная крымінальная справа па ч.ч.1, 2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі) Рэспублікі Беларусь у дачыненні да 61 чалавека. Пазней у дачыненні да 10 чалавек крымінальная справа была перакваліфікавана па ч.1 арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Акрамя таго, у дачыненні да двух абвінавачаных была ўзбуджана крымінальная справа па арт. 370 КК Рэспублікі Беларусь (знявага дзяржаўных сімвалаў), у адноснах да аднаго з абвінавачаных – па арт. 382 КК (самавольнае прысваенне звання ці ўлады службовай асобы) і арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Акрамя таго, супрацоўнікамі міліцыі было затрымана звыш 700 асобаў, супраць якіх былі распачаты адмінстрацыйныя працэсы па арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь, больш за 600 з іх былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе арышту тэрмінам да 15 сутак.

Крымінальная справа па арт. 293 (масавыя беспарадкі) была ўзбуджана ў першыню ў Беларусі. Склаўшайся судовай практыкі па дадзенай катэгоріі справаў у краіне няма.

У той жа час характар дзеянняў дэманстрантаў 19 снежня 2010 г. падчас шэсця ад плошчы Кастрычніцкая па праспекце Незалежнасці да плошчы Незалежнасці, па нашых ацэнках, не ўтрымлівае прыкметаў, неабходных для кваліфікацыі дадзеных дзеянняў як масавыя беспарадкі. Шэсце не суправаджалася пагромамі, падпаламі, гвалтам над асобай, знішчэннем маёмасці, узброеным супрацівам прадстаўнікам улады.

Па нашым меркаванні, шэсце і мітынг насілі мірны характар, паколькі яго ўдзельнікі першапачаткова мелі на мэце выказванне свайго пратэсту і меркавання ў сувязі з адбыўшыміся выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь мірным шляхам. Кандыдаты ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь у сваіх публічных выступах у СМІ, а таксама на сустрэчах з выбаршчыкамі заклікалі грамадзянаў прыняць удзел у мірным сходзе, не выказваючы пры гэтым заклікаў да якіх-небудзь гвалтоўных дзеянняў.

Мірным быў таксама сход на пл. Незалежнасці. Пераважная большасць удзельнікаў сходу пераследвала мірныя мэты – выказванне свайго меркавання, пратэсту. Аднак, частка ўдзельнікаў сходу прадпрыняла шэраг актыўных дзеянняў, якія насілі характар правапарушэння. Пры гэтым прадстаўнікі сілавых структураў, у вялікай колькасці сканцэнтраваныя на пл. Незалежнасці ў той дзень, не прадпрымалі ніякіх дзяенняў па прысячэнні супрацьпраўных дзеянняў і лакалізацыі асобаў, якія іх здзяйсняюць. Замест гэтага праз пэўны час сіламі спецпадраздзяленняў міліцыі і ўнутраных войск, з непрапарцыйным выкарыстаннем фізічнай сілы і спецсродкаў былі разагнаны ўсе грамадзяне, якія прымалі ўдзел у сходзе. Дзесяткі грамадзянаў атрымалі фізічныя пашкоджанні, у тым ліку і кандыдаты ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь А. Саннікаў, В. Рымашэўскі, Р. Кастусёў. Збіццё прадстаўнікамі спецслужбаў кандыдата ў Прэзідэнты У. Някляева і ягоных прыхільнікаў на падыходах да плошчы наогул  насіла заведама незаконны характар.

У сувязі з гэтым Праваабарочны цэнтр “Вясна” лічыць, што масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 г. у Мінску не было, і ўзбуджэнне, а затым і асуджэнне ўдзельнікаў дадзеных падзеяў па ч. 1, 2 арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь з’яўляецца відавочна незаконным.


Папярэдняе следства па справе

Праваабарончы цэнтр “Вясна” адзначае, што з самога пачатку папярэдняе следства па ўзбуджанай крымінальнай справе суправаджалася парушэннямі асноўных працэсуальных правоў абвінавачаных і расцэньвае дадзеныя парушэнні як парушэнне правоў чалавека, сярод якіх:

Парушэнне права на абарону

Большасць асобаў, якія ўрымліваліся ў пад вартай у СІЗА КДБ, працяглы перыяд часу не мелі спатканняў са сваімі абаронцамі. Такія спатканні насілі абмежавны характар, абаронцы не мелі магчымасці ў поўнай меры зрэалізаваць сваё права на спатанне з падабароным без абмежаванняў колькасці і працягласці такіх спатканняў, што гарантавана абаронцам арт. 48 КПК Рэспублікі Беларусь.

Адвакаты падвяргаліся неабгрунтаванаму абмежаванню сваіх правоў: органы следства, Міністэрства юстыцыі пашырана растлумачвалі забарону на разгалошванне матэрыялаў папярэдняга следства. Пад такую забарону трапляла інфармацыя, датычная стану здароўя абвінавачаных, умоваў іх утрымання. У сувязі з агучваннем такой інфармацыі ў шэрагу СМІ адвакаты падвяргаліся ціску з боку Міністэрства юстыцыі. Чацвёра адавакатаў: У. Тоўсцік, П. Сапелка, А. Агееў, Т. Гараева, якія ўдзельнічалі ў абароне фігурантаў справы, былі пазбаўлены ліцэнзій і адвакацкай практыкі.

Дадзеныя факты Праваабарончы цэнтр “Вясна” расцэньвае як парушэнне права на абарону, гарантаванага арт. 62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і арт. 14 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх правах.

Парушэнне прынцыпу прызумпцыі невінаватасці

Пачынаючы з 20 снежня 2010 г., у дязржаўных сродках масавай інфармацыі пачалі з’яўляюцца шматлікія інфармацыйныя матэрыялы адносна адбыўшыхся падзеяў на пл. Незалежнасці 19 снежня 2010 г. Дадзеныя інфармацыйныя матэрыялы насілі яскрава прапагандысцкі характар і ўтрымлівалі шматлікія недакладнасці, надуманыя, непраўдзівыя факты, якія пазней адсутнічалі ў матэрыялах следства.

Газета “Советская Белоруссия” змясціла на свіх старонках матэрыялы папярэдняга расследвання, якія былі надрукаваны па асабістым загадзе кираўніка дзяржавы. У дадзеных матэрыялах неаднаразова змяшчаліся прозвішчы і выявы асобаў, якія, на думку аўтараў матэрыялаў, прымалі актыўны ўдзел у “штурме” Дома Ураду.

Неаднаразова ў СМІ і заявах афіцыйных асобаў, у тым ліку А. Лукашэнкі, сцвярджалася, што падзеі 19 снежня 2010 г. былі нічым іншым, як спробай дзяржаўнага перавароту, спробай гвалтоўнай змены існунючага канстытуцыйнага ладу.

Дадзеныя факты сведчаць аб прапагандысцкім характары дадзеных публікацый і заяваў, аб прызначэнні вінаватых у здзяйсненні неіснуючых злачынстваў задоўга да судовага разбральніцтва. Асноўнай задачай дадзенай прапаганды было фармаванне негатыўнай грамадскай думкі адносна адбыўшыхся падзеяў і канкрэтных фігурантаў справы.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” адназначна расцэньвае дадзеныя факты як парушэнне прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці, гарантаванай КПК Рэспублікі Беларусь, арт.  26 Канстытуцыі Беларусі і арт. 14  Міжнароднага Пакта ад грамадзянскіх і палітычных правах.

Дзеянні непрацэсуальнага характару, катаванні і іншыя віды жорсткага, бесчалавечнага абыходжання, прыніжаючых чалавечую годнасць

Асаблівую занепакоенасць Праваабарончага цэнтра “Вясна” выклікаюць факты катаванняў і іншых жорсткіх і бесчалавечных відаў абыходжання, якія прыніжаюць чалавечую годнасць.

Пра дадзеныя факты заявілі шэраг асобаў, якія ўтрымліваліся пад вартай у СІЗА КДБ і МУС у перыяд правядзення следства. Так, абвінавачаны па справе былы каныдат у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь А. Міхалевіч заявіў аб выкарыстанні катаванняў і жорсткага абыходжання з боку ахоўнікаў у СІЗА КДБ. Такія ж заявы зрабілі былы кандыдат у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь А. Саннікаў, абвінавачаныя А. Класкоўскі, Д.Дрозд.

Па дадзенай інфармацыі, у дачыненні да абвіанвачаных выкарыстоўваліся віды абыходжання, якія трапляюць пад вызначэнне “катаванняў”, дадзенае ў  арт. 1  Канвенцыі супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бечалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання, сярод якіх: прычыненне фізічнага болю ў мэтах запалохвання, катаванні адсутнасцю сну, працяглае па часе стаянне з шырокарастаўленымі нагамі, частае распрананне вязняў у халодных памяшканнях.

Часта ў дачыненні да абвінавачаных выкарыстоўваліся дзеянні непрацэсуальнага характару, якія не знаходзілі свайго адлюстравання ў адпаведных працэсуальных дакументах. З імі праводзілі рознага кшталту “размовы” і “гутаркі”, часта без іх згоды і ў адсутнасць адвакатаў. У ходзе гэтых так званых “размоваў” на іх аказваўся псіхалагічны ціск з мэтай схілення да супрацоўніцтва са следствам, дачы патрэбных следству паказанняў.

Пры гэтым самі ўмовы ўтрымання ў СІЗА МУС і КДБ  не адпавядаюць мінімальным міжнародным стандартам  утрымання зняволеных. Так, у шматлікіх выпадках у асобаў, якія ўтрымліваліся пад вартай у дадзенаых СІЗА, не было індывідуальных спальных месцаў і яны былі вымушаныя спаць на падлозе ці пад нарамі, альбо спаць па чарзе.

Такія ўмовы ўтрымання з’яўляюца жорсткім, бесчалавечным відам абыходжання і прыніжаюць чалавечую годнасць.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” лічыць, што ў дадзеных выпадках улады Беларусі дапусцілі парушэнне арт. 7 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх правах.

Выдзяленне крымінальных справаў у асобную вытворчасць

Выдзяленне справаў з агульнай крымінальнай справы ў асобную вытворчасць, па нашым меркаванні, сур’ёзным чынам парушае дзеючыя працэсуальныя нормы і не спрыяла забяспечэнню поўнага, усебаковага і аб’ектыўнага вывучэння ўсіх абставінаў справы, не спрыяла рэалізацыі абвінавачанымі і іх абаронцамі сваіх правоў.

 

Судовыя працэсы па справе

Судовыя працэсы, якія праходзілі па дадзеных крымінальных справах, насілі загадзя прадвызначаны характар, мелі загадзя абвінаваўчы ўхіл.

Пачатак судовых разглядаў шэрагу выдзеленых справаў да заканэчння папярэдняга следства па ўсёй крымінальнай справе, на нашу думку, сур’ёзным чынам парушае прынцыпы ўсеагульнага, поўнага і аб’ектыўнага вывучэння ўсіх абставінаў справы.

Суды, прыняўшы да вытворчасці незаконна раз’яднаныя справы ўдзельнікаў масавых мерапрыемстваў, не прынялі мераў для аб’яднання гэтых справаў у адну вытворчасць. Гэтаму ў сваю чаргу паспрыяла неабгрунтаванае адступленне судоў ад агульнапрынятага прынцыпа тэрытарыяльнай падсуднасці.

У большасці выпадкаў аргументы абароны не прымаліся суддзямі да ўвагі, хадайніцтвы ігнараваліся. Адхіляючы хадайніцтвы абароны, якія былі скіраваныя на рэалізацыю працэсуальных правоў абвінавачаных, прадстаўлення доказаў у іх абарону, суды груба парушалі прынцып спаборніцтва і роўнасці бакоў у працэсе.

Факты, на падставе якіх выносіліся абвінаваўчыя прысуды, у большасці выпадкаў не адпавядалі прадстаўленым следствам доказам.

Вынесеныя прысуды па крымінальных справах па абвінавачванні І.Гапонава, А.Брэуса і Д. Мядзведзя яскрава прадэманстравалі залежнасць судовай сістэмы Беларусі, яе кіраванасць выканаўчымі органамі ўлады, вынясенне прысудаў не на падставе доказаў і ўнутранага перакання суддзяў, а з-за неабходнай рэакцыі ўладаў на канкрэтную палітычную сітуацыю.

Суды не далі належную прававую ацэнку прад’яўленаму абвінавачванню — наяўнасці факту масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 г. на пл. Незалежнасці.

Пры такіх абставінах Праваабарончы цэнтр “Вясна” лічыць, што асуджаныя па справе не мелі доступу да разгляду справы незалежным і справядлівым судом.

Права на доступ да справядлівага правасуддзя з’яўляецца адным з асноўных абавязацельстваў, якія былі ўзятыя Беларуссю ў сувязі з ратыфікацыяй Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. (арт. 14).