4 жніўня спыніла галадоўку Вольга Каракіна – дзяўчына палітвязня Дзмітрыя Фурманава, а яшчэ раней па стане здароўя перастала галадаць яго маці.
А вось бацька Дзмітрыя звярнуўся да генеральнага пракурора.
Нагадаем, што з 26 ліпеня маці палітвязня Дзмітрыя Фурманава – Вольга Фурманава і яго дзяўчына Вольга Каракіна абвясцілі бестэрміновую галадоўку каля следчага ізалятара.
Яны патрабавалі вызваліць Дзмітрыя Фурманава, які быў затрыманы 31 мая на пікеце па зборы подпісаў ў Гродне разам з Сяргеем Ціханоўскім, а таксама іншых людзей, якія незаконна ўтрымліваюцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (1-ы завулак Акрэсціна, 36 у Мінску), а таксама спынення крымінальных справаў па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
“Калі Вольга Іванаўна спыніла галадоўка, то я вырашыла яе прынцыпова працягваць, – распавяла Вольга Каракіна сайту palitviazni.info. – Як вядома, мы праводзілі акцыю пратэсту каля СІЗА-1 на Валадарскага, і да гэтага часу да нас не было ніякіх прэтэнзій з боку праваахоўнікаў.
Нікто не падыходзіў, не папярэджваў, хаця аднойчы прыехаў АМАП і забраў аднаго хлопца. Патрульныя пастаянна хадзілі побач, але не бачылі ў нас парушальнікаў парадку.
А сёння прыйшлі два сілавікі і сказалі, што нашы дзеянні можна кваліфікаваць, як правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, і я разам з тымі, хто прыйшоў мяне падтрымаць, можам апынуцца на “сутках”. Усё гэта здымалася на відэакамеру.
Таму я і прыняла рашэнне спыніць галадоўку, каб не падстаўляць людзей”.
Вольга кажа, што за дзесяць сутак ўжывала толькі простую і мінеральную ваду, і зараз ужо пачала адчуваць слабасць. Цяпер будзе паступова выходзіць з галадоўкі.
Яшчэ раней спыніла галадоўка Вольга Іванаўна Фурманава – маці палітвязня.
“Урачы ёй катэгарычна забаранілі галадаць, – кажа Аляксандр Фурманаў, бацька Дзмітрыя. – У яе пачаліся вялікія праблемы са здароўе – высокі ціск, ледзь не гіпертанічны крыз здарыўся. Да гэтага часу не можа прыйсці ў сябе.
А я, тым часам, звярнуўся са зваротам да генеральнага пракурора з тым, каб сыну на перыяд следства змянілі меру стрымання на хатні арышт пад залог бацькоў. Зварот у мяне прынялі, па законе рашэнне павінна быць прынята на працягу 15 сутак.
Раней я звяртаўся і да прэзідэнта, але афіцыйная рэакцыя была нулявой”.
palitviazni.info
Фота: svaboda.org