Аляксандр Фурманаў: Абсалютна незнаёмыя людзі прыходзяць, каб падтрымаць

Аляксандр Фурманаў, бацька палітвязня Дзмітрыя Фурманава, распавёў сайту palitviazni.info пра тое, чаму яго жонка вырашыла пайсці на такі крок адчаю, як галадоўка, і як прайшлі першыя суткі ля сталічнага СІЗА-1.

Нагадаем, што з 26 ліпеня маці палітвязня Дзмітрыя ФурманаваВольга Фурманава і яго дзяўчына Вольга Каракіна абвясцілі бестэрміновую галадоўку каля будынку следчага ізалятара на вуліцы Валадарскага ў Мінску.

Яны патрабуюць вызваліць Дзмітрыя Фурманава, які быў затрыманы 31 траўня на пікеце ў Гродне разам з Сяргеем Ціханоўскім і іншымі, а таксама іншых людзей, якія незаконна ўтрымліваюцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (1-ы завулак Акрэсціна, 36 у Мінску), а таксама спынення крымінальных справаў па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

— Гэта насамрэч крок адчаю, бо і майго сына, і іншых палітвязняў утрымліваюць за кратамі ні за што, – кажа Аляксандр Фурманаў, які падчас галадоўкі знаходзіцца побач з блізкімі. – За што затрымалі сына? Толькі за тое, што ён працаваў у камандзе Сяргея Ціханоўскага і збіраў за яго подпісы на афіцыйна дазволеным пікеце.

Атрымліваецца, што законы ў краіне проста не працуюць. Захочуць чалавека кінуць за краты – не праблема. Я бачу, што людзі дзеля захавання ўлады, гатовыя на ўсё.

Таму мая жонка з дзяўчынай Дзмітрыя і вырашыліся на галадоўку, каб звярнуць увагу на праблему. Я б таксама далучыўся да акцыі пратэсту, але, на жаль, здароўе не дазваляе. Затое буду пастаянна побач з імі, каб аказаць маральную падтрымку.

– З ежы жанчыны наогул нічога не ўжываюць?

— Толькі ваду п’юць. Не ведаю, наколькі ў іх хопіць моцы духа і здароўя, але ж галадоўка толькі пачалася. Мая жонка ноччу адпачыла на кватэры, а вось Вольга ўсю ноч ля ізалятара заставалася.

І, ведаеце што ўражвае! Падыходзяць са словамі падтрымкі абсалютна незнаёмыя людзі. Цікавяцца, прапаноўваюць любую дапамогу, пытаюцца, ці патрэбны цёплыя рэчы альбо жыллё, каб пераначаваць.

І паесці прапаноўваюць, хаця галадоўка – гэта прынцыповы момант. Вельмі шмат у нашай краіне нераўнадушных людзей! І ніхто не падышоў і не выказаў нейкі негатыў.

— У праваахоўнікаў няма прэтэнзій?

— Ходзяць вакол, паглядваюць збоку, але пакуль нічога не забараняюць. Відаць, такога загаду не было. А далей пабачым, як будуць развівацца падзеі.

– Якія апошнія навіны ад Дзмітрыя са следчага ізалятара?

— Перыядычна атртымліваем лісты, піша, што ў яго як быццам усё нармальна. Адвакат нас таксама супакойвае.

Кажа, што наш сын трымаецца бадзёра, хаця мы ведаем, што ў яго ёсць сур’ёзныя праблемы са страўнікам, а зараз яшчэ і гастрыт абвастрыўся. Але трымаецца!

palitviazni.info

Фота: svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Міхаіл Жамчужны
  • Мікіта Сасім
  • Мікола Статкевіч
  • Алесь Міхалевіч