Палітвязня Дзмітрыя Фурманава перавялі ў ізалятар Гродна. Яго справа перададзена ў суд

 Пра гэта сайту palitviazni.info распавёў Аляксандр Фурманаў, бацька палітвязня.

“Сын трымаецца бадзёра, будзем спадзявацца, што неўзабаве адбудзецца і суд, – кажа Аляксандр Васільевіч. – Верым у лепшы зыход…”

Нагадаем, што Дзмітрый Фурманаў быў каардынатарам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай па Гродзенскай вобласці.

Яго затрымалі падчас збора подпісаў у Гродне 29 мая — схапілі хлопца разам з крэслам з-за стала. У той жа дзень быў затрыманы таксама Сяргей Ціханоўскі і некаторыя іншыя яго паплечнікі.

9 чэрвеня семярым удзельнікам пікета — Сяргею Ціханоўскаму, Дзмітрыю Фурманаву, Вяргілію Ушаку, Аляксандру Арановічу, Васілю Баброўскаму, Арцему Сакаву ды Уладзіміру Навуміку было прад’яўленае абвінавачванне ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, і ў актыўным удзеле ў такіх дзеяннях.

Праваабарончай супольнасцю Дзмітрый Фурманаў быў прызнаны палітвязнем.

“Нам стала вядома, што днямі сына перавялі са сталічнага СІЗА на Валадарскага ў ізалятар турмы №1 г.Гродна, – кажа Аляксандр Васільевіч. – Гэтую інфармацыю пацвердзіў і адвакат.

Паколькі мы самі жывем у гэтым жа горадзе, то ўжо змаглі перадаць Дзмітрыю перадачу. А вось ад яго ніякіх звестак пакуль няма”.

Бацька палітвязня паведаміў: перавод у Гродна звязаны з тым, што следства ўжо перадало дакументы па справе сына ў суд Кастрычніцкага раёна Гродна.

“Сын трымаецца бадзёра, будзем спадзявацца, што неўзабаве адбудзецца і судовы працэс, – кажа Аляксандр Фурманаў. – Верым у лепшы зыход, бо сын абсалютна ні ў чым не вінаваты”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Павал Мажэйка
  • Віталь Мацукевіч
  • Вадзім Кабанчук
  • Яўген Васьковіч
  • Юрый Лявонаў