“А з кустоў за намі сілавікі ў цывільным сочаць…”. Дзяўчына палітвязня Дзмітрыя Фурманава распавяла пра галадоўку ля СІЗА

Вольга Каракіна, дзяўчына палітвязня Дзмітрыя Фурманава, распавяла сайту palitviazni.info пра тое, як праводзіць ноччу галадоўку ля сталічнага следчага ізалятара.

“Наступтсвы галадоўкі ёсць: баліць галава і пастаянна хочацца спаць”, – кажа суразмоўца.

Нагадаем, што з 26 ліпеня маці палітвязня Дзмітрыя ФурманаваВольга Фурманава і яго дзяўчына Вольга Каракіна абвясцілі бестэрміновую галадоўку каля следчага ізалятара.

Яны патрабуюць вызваліць Дзмітрыя Фурманава, які быў затрыманы 31 мая на пікеце па зборы подпісаў ў Гродне разам з Сяргеем Ціханоўскім, а таксама іншых людзей, якія незаконна ўтрымліваюцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (1-ы завулак Акрэсціна, 36 у Мінску), а таксама спынення крымінальных справаў па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

“Як вядома, майго сына перавялі ў ізалятар у Жодзіна, але мы туды не пераехалі, — кажа Аляксандр Уладзіміравіч, бацька палітвязня. — З’ездзіў толькі я адзін, каб упэўніцца, што сын дакладна ў Жодзіна. Калі мы паедзем туды, то не будзе такой рэакцыі і дапамогі, якую маем у Мінску. Таму пакуль застаемся на старым месцы”.

Са слоў Аляксандра Фурманава, днём ля ізалятара галадае яго жонка, а ноччу яе змяняе Вольга Каракіна.

“Мяне ўжо пачынае трывожыць самаадчуванне маёй жонкі, – адзначае Аляксандр Уладзіміравіч. – Яе ўжо і “марозіць”, і галаўныя болі пачаліся… Не вельмі добра сябе пачувае”.

Вольга Каракіна дадае, што ў яе таксама баліць галава і пастаянна хочацца спаць.

“Гэта, відаць, і ад голаду, і ад таго, што жыццёвы графік змяніўся, – кажа суразмоўца. – Ноччу не заўсёды сплю, хаця нам і прывезлі пад СІЗА прычэп, у якім можна спаць.

Учора ноччу прыехаў АМАП, цікавіліся, чаму мы тут сабраліся. А затым, калі прыехалі журналісты, забралі аднаго хлопца. Маўляў, у іх ёсць арыенціроўка, хлопец падобны на нейкага злачынцу. Узялі пашпарт і пасадзілі хлопца спачатку ў бус для разбіральніцтва, а затым і наогул некуды звезлі.

А яшчэ ў кустах за намі сочаць сілавікі ў цывільным, мабыць, такі загад атрымалі”.

Вольга распавядае, што за ўвесь час знаходжання Дзмітрыя Фурманава за кратамі, да яе дайшло толькі шэсць лістоў.

“Піша, што, па вялікім рахунку, у яго ўсё добра, – кажа Вольга Каракіна. – Трымаецца бадзёра. Але гэта было, калі знаходзіўся ў мінскім СІЗА. А якія ўмовы ў Жодзіна — нават і не ведаю…”

palitviazni.info

Фота: svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Рамашэўскі
  • Андрэй Клімаў
  • Павал Мажэйка
  • Барыс Гарэцкі