Павел Севярынец: Вельмі своечасова прызналі Паўла Шаўрова палітвязнем

Палітык і былы палітычны зняволены Павел Севярынец выказаў сайту palitviazni.info сваё стаўленне да таго, што праваабарончыя арганізацыі прызналі Паўла Шаўрова палітвязнем.

“Беларускі рэжым зрабіў усё, каб у краіне, можна сказаць, на пустым месцы з’явіўся яшчэ адзін палітвязень”, – кажа палітык.

Нагадаем, малады чалавек быў затрыманы 19 студзеня пасля таго, як сам з’явіўся ў міліцыю з прызнаннем у тым, што гэта ён расфарбаваў рукі помніку Аляксандру Пушкіну ў Мінску.

Актывіст таксама прызнаўся следству, што 16-17 студзеня нанёс фарбай невялікую выяву бел-чырвона-белага сцяга на памятны знак загінулым супрацоўнікам МУС, а таксама 17-18 студзеня нанёс надпіс «1937» на плоце помпавай станцыі ў Бараўлянах.

18 сакавіка 2020 г. аддзелам Цэнтральнага раёна Мінска Следчага камітэта Піліпу Шаўрову было прад’яўлена канчатковае абвінавачванне ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч.1 і ч.2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Матэрыялы справы перададзеныя ў суд Цэнтральнага раёна г. Мінска, яму пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.

Праваабаронцы прызналі Піліпа Шаўрова палітвязнем.

– Гэта вельмі своечасовае і правільнае рашэнне, – кажа Павел Севярынец. – У выпадку з Піліпам Шаўровым патрэбна кампанія ў яго абарону. Зразумела, што беларускі рэжым махнуў рукой і на еўрапейцаў, і на так званы перадвыбарчы год і зрабіў усё, каб у краіне, можна сказаць, на пустым месцы з’явіўся яшчэ адзін палітвязень.

Пафарбаваць рукі помніку, выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю – гэта максімум цягне на адміністрацыйнае пакаранне.

Тым больш, ведаючы Піліпа, які неаднаразова прымаў удзел у акцыях у абарону незалежнасці, магу сказаць, што гэта хлопец, які аддасць жыццё за Радзіму. А зараз яго саджаюць у турму за выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі. Я, напрыклад, не чуў, каб кагосьці адпраўлялі за краты за тое, што той размаляваў сцяну ў пад’ездзе ці напісаў непрыстойныя словы на плоце. Дзе хоць адна справа? Максімум, што робяць у такіх выпадках – ЖЭС зафарбуе непрыстойнасці.

Такіх людзей, як Піліп Шаўроў, нармальная дзяржава павінна падтрымліваць, а ў нас наадварот – кідаюць за краты. Таму вітаю рашэнне беларускіх праваабаронцаў прызнаць Піліпа Шаўрова палітвязнем, зараз пра яго будзем распавядаць на міжнародным узроўні.

– Чаму ў апошні час у краіне ўсё больш з’яўляецца палітвязняў?

– Беларуская ўлада рыхтуецца да так званых прэзідэнцкіх выбараў, а таму зараз выбіраюцца паказальныя ахвяры.

Напрыклад, мы ўбачылі надзвычай жорсткі прысуд анархістам Івану Комару і Мікіце Емельянаву. Першапачаткова ім далі амаль столькі, колькі за забойства. Зразумела, што гэта быў дэманстратыўны працэс і прысуд, каб запалохаць моладзь і рашучых людзей.

Тое самае і з Піліпам Шаўровым. На жаль, яго абралі паказальнай ахвярай, каб застрашыць актыўную моладзь.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Пачобут
  • Зьміцер Даронін
  • Аляксандар Зьдзьвіжкоў
  • Ігар Корсак
  • Яўген Сакрэт