Палітвязень Піліп Шаўроў захварэў у ізалятары

Палітык і былы палітычны зняволены Павел Севярынец распавёў сайту palitviazni.info, што палітвязень Піліп Шаўроў зараз павінен заняцца сваім здароўем.

“Пакуль што ні Піліп, ні яго блізкія не даюць ніякіх каментароў па справе”, – адзначае палітык.

Нагадаем, што палітычнага зняволенага, актывіста “Маладога фронту” Піліпа Шаўрова вызвалілі з-пад варты да суда пад падпіску аб нявыездзе. Пра гэта праваабаронцам “Вясны” паведаміла жонка Піліпа Вольга. Суд над актывістам мусіць адбыцца 18 траўня.

19 студзеня Піліпа Шаўрова затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна. Хлопца вінавацяць у тым, што ён размаляваў чырвонай фарбай рукі помніка расейскаму паэту Пушкіну.

Акрамя гэтага хлопца вінавацяць і ў іншых графіці – маўляў, намаляваў бел-чырвона-белы сцяг на помніку загінулым пры выкананні абавязку міліцыянтам і вайскоўцам унутраных войскаў МУС Беларусі, а таксама нанёс графіці «Свабоду Севярынцу».

Зараз Піліпу Шаўрову пагражае да 6 гадоў зняволення.

“Найперш трэба сказаць: вельмі добра, што Піліп на волі, – кажа Павел Севярынец. – Мы патрабавалі гэтага і добра ўжо хаця б тое, што ён сёння чакае суда не ў камеры следчага ізалятара, а дома.

Па-другое, наколькі вядома, Піліпа Шаўрова адправілі дадому хворым – у яго тэмпература, баліць горла, а таму хлопцу зараз патрэбна заняцца сваім здароўем”.

Са слоў Паўла Севярынца, пакуль што ні Піліп, ні яго блізкія не даюць ніякіх каментароў па справе.

“Усім зразумела, што справа высмактана з пальца, яе асноўная мэта – гэта пераключыць увагу з каранавіруса і дзеянняў рэжыма ў гэтай сітуацыі на нейкія акалічнасці, — адзначае палітык. – Ідзе звычайная гульня чалавечым лёсам, і чалавека выкарыстоўваюць у гэтай гульні. Пры гэтым гуляюць няўдала, бо народу гэта тэма зараз нецікавая.

І сілавікі, якія стаяць за гэтай камбінацыяй, павінны зразумець, што злачынныя дзеянні, якія адбываюцца ў сувязі з каранавірусам, змятаюць усе астатнія. І правакацыі змятаюць таксама”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алег Гнедчык
  • Андрэй Пратасеня
  • Зьміцер Новік
  • Зьміцер Паліенка
  • Юрый Рубцоў