Павел Севярынец: На “суткі” мяне могуць кінуць у любы момант

Палітык і былы палітвязень Павел Севярынец распавёў сайту palitviazni.info пра сваё знаходжанне на “сутках”, стаўленне да “палітычных” і чарговыя прысуды.

“Прыносілі віншаванні, перадавалі шыкоўныя перадачы, і гэта ўсё дапамагала, – кажа суразмоўца. – Гэта была вельмі ўражлівая гісторыя салідарнасці!..”

10 студзеня Павел Севярынец выйшаў на волю пасля адбыцця адміністрацыйнага пакарання ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна, але ў гэты ж дзень атрымаў яшчэ 30 сутак арышту за ўдзел у акцыях у падтрымку незалежнасці.

Таксама палітык быў двойчы аштрафаваны на вялікую суму.

– Толькі выйшаў на волю і практычна адразу даведаўся, што атрымаў яшчэ 30 сутак арышту, – кажа Павел Севярынец. – Праўда, на суды я не хадзіў, там прыстунічала мая матуля.

– Як давялося на “сутках”?

– Нічога новага для сябе не адкрыў. Мяне змясцілі ў камеру, куды да гэтага часу пасялілі бяздомных з вошамі, таму зразумела, што дызінфекцыю ніхто там не праводзіў. Не дазволі ў камеру і асадкі, бо нельга ж пісьменніку пісаць у вольны час.

У апошнія некалькі дзён у камеру запіхнулі чалавека з белай гарачкай, таму змагаліся з ім усім калектывам, і толькі сёння ноччу яго забралі.

Адразу ж ноччу паднялі і мяне. Аформілі, завезлі ў РУУС і паведамілі, што ў гэты дзень будуць разглядацца яшчэ дзве мае адміністрацыйныя справы.

— Як 30 снежня ў камеры прайшоў ваш Дзень нараджэння?

– І на Дзень нараджэння, і на Новы год былі пад вокнамі Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў феерверкі і салюты, і поклічы “Жыве Беларусь!”, за што вялікі дзякуй невядомым беларускім патрыётам. Гэта было класна, і, натуральна, вельмі ўражвала людзей, якія сядзелі разам са мной у камеры.

Таксама пачакамі прыносілі віншаванні, перадавалі шыкоўныя перадачы, і гэта ўсё дапамагала. Гэта была вельмі ўражлівая гісторыя салідарнасці на святы!

Але камера ёсць камера, ніякіх святкаванняў там не праводзілася. На святы можна было проста пасядзець, паразмаўляць і памаліцца.

– Колькі ў вашай камеры было чалавек?

– Камера была разлічана на чатырох чалавек. Быў час, калі сядзеў адзін, быў час, калі ўдвух, але ў апошнія дні быў поўны камплект.

Кантынгент звычайны для такіх устаноў. Хтосьці выпадкова залятае па нейкіх дробных крымінальных справах, з-за алкаголю і скандалаў. Але гэтым разам на Акрэсціна было сямёра “палітычных”. Я сядзеў не з “палітычнымі”, але чуў голас і Алеся Чахольскага, і Максіма Урбановіча.

– Як супрацоўнікі цэнтра да вас ставіліся?

– Стаўленне да “палітычных” там нармальнае і нават яго можна назваць карэктным, калі б не подласці, які часам робяць. Як гэта было ў выпадках з вошамі і асадкамі…

Але так, як тыя ж самыя супрацоўнікі ставяцца да простых людзей, проста абуральна. А людзі ж гэта ўсё адчуваюць. Грэблівасць, лаянка… Чалавека прывезлі на “суткі”, які да гэтага знаходзіўся ў райаддзеле і не еў два дні, а яму не могуць знайсці кавалак хлеба альбо даць ежу з іншай камеры. Ды я гатовы быў даць, толькі перадайце. Нельга!

У любым нармальным ізалятары ў Беларусі практыкуецца перадача ежы з суседняй камеры ў іншую, калі чалавек галодны. А на Акрэсціна гэта пад забаронай! Хачу сказаць, што гэта самае кепскае месца з тых ізалятараў часовага ўтрымання, дзе я пабываў.

– У дзень выхаду на волю вам далі яшчэ 30 сутак арышту…

– Пакуль што я дома, але як будуць падзеі разгортвацца далей, мне невядома. На “суткі” мяне могуць кінуць у любы момант…

palitviazni.info

 

Іншыя палітычныя вязьні

  • Юлія Чыгір