Павел Севярынец: Памяць пра ахвяр палітычных рэпрэсій яны хочуць схаваць за кусцікамі

Палітык і былы палітвязень Павел Севярынец распавёў сайту palitviazni.info пра тое, чаму абаронцаў Курапат не радуюць так званыя добраўпарадкаванні мемарыяла.

Павел Севярынец паведаміў, што ў Курапатах рабочыя выкапалі сотні ямаў пад дрэвы, каб закрываць імі крыжы.

Абаронцы Курапат упэўнены: рабочыя выконваюць загад Лукашэнкі, які 24 мая гэтага года ехаў па кальцавой дарозе і звярнуў увагу на месца масавага пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Тады ён даў такое распараджэнне: “Тут трэба заняцца дадаткова пасадкай дрэваў. І яны, хто там ляжыць (яны нас бачаць), дзякуй скажуць. Па перыметры туі можна пасадзіць”.

“Засадзілі кустамі ўвесь уваход у Курапаты, – кажа Павел Севярынец. – Крыжоў фактычна не бачна. Выкапалі яшчэ некалькі шэрагаў, дзе плануюць пасадзіць вербы і клёны. Будзе такая жывая загародка і, баюся, што ўжо на Дзяды мы не пазнаем Курапаты.

Яны, карыстаючыся сваім правам праводзіць так званае добраўпарадкаванне, проста робяць так, каб людзі не бачылі крыжы”.

Павел Севярынец мяркуе, што ўлады паставілі задачу разбурыць Народны мемарыял.

“Памяць пра ахвяр палітычных рэпрэсій яны хочуць схаваць за кусцікамі”, – дадае палітык.

palitviazni.info

Фота: palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Юры Казак
  • Павал Красоўскі
  • Міхаіл Пашкевіч
  • Вінцук Вячорка