Мікалай Статкевіч: Калі б у 2010 годзе рыхтаваліся да звяржэння ўлады, то ўсё выглядала б інакш

Экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч распавёў сайту palitviazni.info пра “штурм Дома ўрада” ў 2010 годзе, і пра тое, чаму ўлады так баяцца народнага абурэння.

“Што датычыцца снежаньскіх падзей 2010 году, то гэта быў звычайны мірны пратэст людзей супраць фальсіфікацый выбараў, а не спроба дзяржаўнага перавароту”, – кажа палітык.

“Беларускую дзяржаву немагчыма нахіліць і зрынуць, як гэта адбываецца ў Венесуэле і Сірыі, – заявіў не так даўно беларускі кіраўнік. – Усё гэта мы перажылі. Здаецца, у 2010 годзе была апошняя акцыя, калі нас спрабавалі зрынуць. Памятаеце штурм Дома ўраду? Да рэзідэнцыі прэзідэнта тады пабаяліся падыйсці. Мы ўсё гэта перажылі. І гібрыды, і гарачыя сутыкненні, і спробу зрынуць канстытуцыйны строй і цяперашняе кіраўніцтва”.

Нагадаем, што 19 снежня 2010 году прайшлі чарговыя прэзідэнцкія выбары і адбылася адна з самых масавых акцый пратэсту, якую жорстка разагналі.

Тады былі затрыманы больш за 700 чалавек. У Беларусі прайшлі ператрусы ў дэмакратычных актывістаў, на офісах арганізацый і рэдакцыях газет, інфармуе nn.by.

За тыя падзеі былі асуджаны і многія кандыдаты ў прэзідэнты: Мікалай Статкевіч быў прыгавораны да 6 гадоў пазбаўлення волі, Андрэй Саннікаў – да 5 гадоў, Дзмітрый Ус — да 5,5, Уладзімір Някляеў — да 2 гадоў з адтэрміноўкай на два гады, Віталь Рымашэўскі — да 2 гадоў умоўна.

– Лукашэнка кажа менавіта пра тое, чаго баіцца, – кажа Мікалай Статкевіч. – А што датычыцца снежаньскіх падзей 2010 году, то гэта быў звычайны мірны пратэст людзей супраць фальсіфікацый выбараў, а не спроба дзяржаўнага перавароту. Калі б рыхтавалася звяржэнне ўлады, то ўсё выглядала б інакш. І падрыхтоўка была б зусім іншай.

Увогуле, у 2010 годзе не было перадумоваў для дзяржаўнага пераварота. Быў пэўны эканамічны рост, частка грамадства падтрымлівала дзеючы рэжым, а на выбарах не было адзінага цэнтра кіравання з боку альтэрнатыўных сілаў. Калі падчас агітацыі гэта яшчэ спрацавала ў плюс, бо было больш агітацыі сярод насельніцтва, то падчас саміх выбараў гэта стала мінусам.

– Што вы маеце на ўвазе?

– За два дні да асноўнага дня галасавання некаторыя кандыдаты самі пабеглі здавацца і патрабаваць у міліцыі, каб мяне арыштавалі. І гэта я не прыдумаў, а прачытаў затым у пратаколе.

Але грамадства павінна было паказаць сваю незадаволенасць, яно і выказала яго праз масавую акцыю.

– А навошта ўдзельнікі акцыі білі дзверы ў Доме ўрада?

– Гэта было не штурм, а сімвалічны пратэстны акт з боку звычайных людзей. Паўтаруся, многія тады выйшлі на вуліцу з пратэстам, бо іх галасы не лічылі.

І сёння, па некаторых сацыялагічных апытаннях, большасць хочуць адстаўкі дзеючай улады, якая трымалася і трымаецца на падтрымцы Расіі. Без падтрымкі і датацый гэтага рэжыму ўжо даўно не было б, і пра яго забыліся б. Сітуацыя такая, што Масква і насамрэч можа перастаць падтрымліваць беларускія ўлады, а таму рэжым знаходзіцца ў падвешаным стане над акіянам народнага абурэння.

Таму і пачаліся гэтыя заклінанні наконт таго, што “беларускую дзяржаву немагчыма нахіліць і зрынуць”, як гэта адбываецца ў некаторых іншых краінах. Гэта закліканні-прадчуванні.

– Практыка апошніх часоў паказвае, што беларусыі – не прыхільнікі таго, каб дабівацца нечага шляхам выхаду на вулічныя пратэсты. Ці не так?

– Беларусы – рацыянальны народ, яны калі і выйдуць пратэставаць, то хочуць гарантавана мець пэўны эфект. Таму глядзяць з канапы адзін на аднаго, і масавых акцый не адбываецца.

Увогуле, трэба разумець, што рэвалюцыі нельга арганізаваць, іх можна толькі ўзначаліць. І патрыятычным сілам у такім выпадку варта дэманстраваць сваё лідарства на годных акцыях у цэнтры Мінска. Таму Беларускі нацыянальны кангрэс дае мажлівасць для праявы сваёй незадаволенасці тымі ці іншымі дзеяннямі ўлады, і людзі бачаць патэнцыйных лідараў пратэста.

Але зараз сітауцыя выглядае крыху дзіўна і смешна. Рэжым пастараўся вычысціць усё, і мы бачым, у якія структуры пераўтварылася зарэгістраваная апазіцыя. Вы ў апошнія гады чулі ад кіраўнікоў зарэгістраваных апазіцыйных партый крытыку ў бок Лукашэнкі? Былі патрабаванні, каб улада пайшла ў адстаўку?

Мы гэтага не чуем, бо многія апазіцыйныя лідары заняты праблемай фарбавання лавак. Было б, напэўна, лешў, каб гэтыя людзі, якія не ў стане супрацьстаяць уладзе, проста адышлі б у бок і не заміналі іншым.

palitviazni.info

Фота: palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Валеры Шчукін
  • Мікола Статкевіч
  • Алесь Пушкін
  • Віталь Рымашэўскі
  • Кацярына Садоўская