Павел Севярынец: Мы нагадалі літоўскім палітыкам, што тэма палітвязняў у Беларусі не закрыта

Палітык і былы палітычны зняволены Павел Севярынец распавёў сайту palitviazni.info, пра тое, якія пытанні разглядаліся ў Сейме Літвы, дзе прайшлі слуханні па Беларусі.

“Літва — адна з тых рэдкіх краін, якой можна падзякаваць за тое, што яна трымае прынцыповую пазіцыю да беларускага рэжыму”, – кажа палітык.

Слуханні ў Сейме зладзіла камісія па міжнародных справах. На ёй былі прадстаўнікі літоўскага МЗС, МУС, розных палітычных партый і грамадскіх арганізацый. Беларуская дэлегацыя складалася з былых палітвязняў Паўла Севярынца і Мікалая Статкевіча.

“Літоўскую палітычную эліту цікавілі беларуска-расійскія стасункі, тэма пабудовы Беларускай АЭС, а таксама тое, як будуць развівацца адносіны паміж краінамі пасля таг,о як у Літве ў хуткім часе з’явіцца новы прэзідэнт, — кажа Павел Севярынец. – Мы данеслі наша бачанне сітуацыі ў Беларусі і пастараліся развеяць ілюзіі, якія ёсць у некаторых заходніх палітыкаў адносна таго, што толькі беларускі кіраўнік – гарант незалежнасці краіны, і ён здольны павярнуцца тварам на Захад.

Нам задавалі розныя пытаніі. А што, калі Расія анэксуе Беларусь? Як беларусы ставяцца да таго, што Літва пратэстуе супраць будаўніцтва АЭС?

Павел Севярынец адзначае, што таксама на пасяджэнні Сейма падымалася тэма беларускіх палітычных зняволеных.

“Мы нагадалі літоўскім палітыкам, што палітвязні ёсць, і гэтая тэма ў Беларусі не закрыта, – працягвае палітык. – Узгадаў пра працэсы супраць журналістаў і блогераў, пра Курапаты. Закраналі практычна ўсе тэмы, уключаючы і пахаванне парэшткаў Кастуся Каліноўскага, якія знайшлі ў Вільні”.

Павел Севярынец кажа, што Літва — адна з тых рэдкіх краін, якой можна падзякаваць за тое, што яна трымае прынцыповую пазіцыю ў адносінах да беларускага рэжыму.

“Літоўскія палітыкі адны з нямногіх, якія на міжнародным узроўні кажуць пра праблемы беларускай ўлады, пра тое, што Беларуская АЭС – расійскі праект, пра небяспеку дыялога з рэжымам, які ўсіх падманвае”, – дадае палітык.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Анатоль Букас
  • Зьміцер Паліенка
  • Сяргей Скрабец
  • Уладзімер Сяргееў
  • Яўген Сакрэт