Алесь Бяляцкі: Няма ніякага сумневу, што справа Аюба Ціціева – палітычная

Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі распавёў сайту palitviazni.info пра паездку ў Чачню, суд над чачэнскім праваабаронцам Аюбам Ціціевым і сітуацыю з палітвязнямі ў Расіі.

“У створанай уладамі Чачні сённяшняй дзяржаўнай мадэлі няма месца для праваабаронцаў”, – кажа суразмоўца.

Нагадаем, што 18 сакавіка ў Шалінскім судзе быў вынесены прысуд кіраўніку грозненскага аддзялення ПЦ “Мемарыял” Аюбу Ціціеву. Суд прызнаў даказанай віну праваабаронцы і асудзіў яго на 4 гады калоніі-пасялення.

– Другая паездка ў Чачню была звязана з адной і той жа справай – судовым працэсам над чачэнскім праваабаронцам Аюбам Цюціевым, – кажа Алесь Бяляцкі. – Пабываўшы на судзе, перакананы, што прычынай крымінальная справы супраць Аюба была яго праваабарончая дзейнасць. Ён збіраў інфармацыю пра расстраляных ў 2017 годзе маладых людзей, якіх падазравалі ў прыналежнасці да ўзброеных фарміраванняў, хаця ніякіх доказаў гэтаму не было.

І 27 чалавек расстралялі, пахавалі па розных могілках у Чачні. Інфармацыю цяжка было схаваць, і, у рэшце рэшт, сваякі знаходзілі магілы хлопцаў. Пры гэтым многія баяліся пра гэта казаць, бо любое агучванне сітуацыі ставіла пад пагрозу жыццё і існаванне іхніх сем’яў. Бо нярэдка здаралася так, што ў сваякоў тых, каго падазравалі ў тэрарызме ці ўдзеле ў “партызанцы”, разбуралі дамы, а сем’і выганялі з краіны. І людзі баяліся казаць пра згаданую справу. А вось Аюбу Ціціеву многія давяралі і давалі яму інфармацыю, якая, у рэшце, і з’явілася ў СМІ.

— Праз крымінальную справу вырашылі знішчыць праваабарончы рух?

— Праца, якой займаўся Аюб Ціціеў, вельмі сур’ёзна ставіла пад пытанне легітымнасць іх дзеянняў. Ён быў для ўладаў стрэмкай ў воку. Таму яму проста падкінулі ў машыну пакет з марыхуанай, хаця Аюб заўсёды быў спартоўцам і паслядоўным вернікам.

Ва ўладаў была мэта – прынізіць яго годнасць, бо практыка здаровага ладу жыцця ў Чачні практычна ўзведзена ў ранг дзяржаўнай палітыкі. У краіне амаль не прадаецца алкаголь, па тэлевізары ўвесь час паказваюць нейкія адзінаборствы ці іншыя спартовыя спаборніцтвы. Гэта для мясцовай улады культавае пытанне. Там рэгулярна праводзяцца зачысткі населеных пунктаў у працяг кампаніі барацьбы супраць ужывання наркотыкаў, затрымліваюцца дзесяткі людзей. Але затым звычайна знаходзяць “стрэлачнікаў”. Затым адбываюцца паказальныя судовыя працэсы, якія падтрымліваюць узровень страху ў грамадстве, але маюць далёкае дачыненне да заканадаўства.

Няма ніякага сумневу, што справа Аюба Ціціева – палітычная. Яна абмяркоўвалася на самым высокім узроўні. Прэзідэнт Францыі Макрон размаўляў наконт гэтага з Пуціным, былі сабраны дзесяткі тысяч подпісаў у абарону Ціціева і накіраваны ўладам. Але, тым не менш, улады давялі яе да суда.

— У судзе дамагчыся справядлівасці было нерэальна?

— Адвакаты выдатна адпрацавалі працэс, і супрацоўнікаў пракуратуры проста знішчылі фактамі і аргументамі. Але суддзя заплюснула вочы на ўсе нестыкоўкі ў справе, не прымала ніякія хадайніцтвы адвакатаў даследваць тое ці іншае пытанне больш глыбока. Відавочна, што яна была несамастойнай. Суд там цалкам знаходзіцца пад кантролем улады. У створанай уладамі Чачні сённяшняй дзяржаўнай мадэлі няма месца для праваабаронцаў.

Адбылося знішчэнне праваабарончай арганізацыі. Пасля арышту Ціціева ўсе прадстаўнікі “Мемарыяла” з’ехалі з Чачні, бо была пагроза для іхняга жыцця.

Пры гэтым трэба ўлічыць, што Аюбу ў пэўным сэнсе пашанцавала, бо яго арыштавалі 9 студзеня, а 10 студзеня яго сям’я (жонка і двое сыноў) ўжо з’ехалі з Чачні. Таму што ў іншым выпадку не выключаўся і горшы варыянт развіцця падзей. Былі выпадкі, калі затрымлівалі сваякоў, і тады ўжо шляхам шантажу дабіваліся прызнання віны патрэбнага ім чалавека. Аюб гэты год пад вартай годна пратрымаўся ў СІЗА.

— Колькі на сёння палітвязняў у Чачні?

— Дакладных лічбаў няма, але ўвогуле ў Расіі – каля 200 чалавек, якія прызнаны расійскімі праваабаронцамі палітычнымі зняволенымі. Каля 100 чалавек пасадзілі па рэлігійных матывах, сярод іх шмат сведкаў Еговы, якіх у Беларусі, напрыклад, пакуль што яшчэ не чапаюць. Акрамя таго, некалькі дзясяткаў чалавек, хто зараз знаходзіцца за кратамі ў Расіі і прызнаюцца палітычнымі зняволенымі, з’яўляюцца грамадзянамі Украіны. Кінарэжысёр Алег Сянцоў, Павел Грыб, якога беларускія ўлады выдалі расійскім, крымскія татары, абвінавачаныя ў сепаратызме і экстрэмізме, якія не па сваёй волі апынуліся пад расійскай юрысдыкцыяй…

— У Расіі тэма палітвязняў гучыць?

— Зараз гэтая тэма ізноў загучала ў поўную сілу. Справы Алега Сянцова і Аюба Ціціева маюць міжнародны рэзананс, яны атрымалі прэстыжныя міжнародныя прэміі. І гэтыя прэміі з’яўляюцца “чорнай меткай” для расійскіх уладаў.

Пры гэтым усё, як бачым, адбываецца ў межах заканадаўства Расіі, якая ўваходзіць разам з Беларуссю ў Саюзную дзяржаву. І ад такога пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў Расіі нічога добрага ў Беларусі чакаць таксама не даводзіцца.

Дарэчы, Рамзан Кадыраў атрымаў ад беларускіх улада летась ордэн Дружбы народаў. Цікава было б даведацца: за якія такія заслугі?

palitviazni.info

- у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

09.09.2020 “На гвалт і катаванні быў загад”. Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі прааналізаваў месяц, які пражыла краіна пасля выбараў

05.08.2020 “Усё гэта мне нагадвае нейкае дэжавю…” Дзевяць гадоў таму быў арыштаваны кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі

03.06.2020 Алесь Бяляцкі: Улады паказваюць, што не збіраюцца гуляць па правілах

07.05.2020 Алесь Бяляцкі: У Беларусі асноўны удар накіраваны на блогераў

09.04.2019 Алесь Бяляцкі: Пераслед незалежных СМІ у гэтым годзе толькі ўзмацніўся

21.03.2019 Алесь Бяляцкі: Няма ніякага сумневу, што справа Аюба Ціціева – палітычная

31.05.2018 Алесь Бяляцкі: Перакананы, што лідараў незалежнага прафсаюза не пасадзяць

30.03.2018 Алесь Бяляцкі: Рэпрэсіўныя механізмы працягваюць працаваць

22.03.2018 Алесь Бяляцкі: Улады зрабілі больш жорсткай тактыку рэпрэсій

28.12.2017 Алесь Бяляцкі: Гэта быў няпросты і досыць трывожны год

Іншыя палітычныя вязьні

  • Анатоль Паўлаў
  • Уладзімер Яроменак
  • Арцём Дубскі
  • Алег Сурган
  • Анатоль Шумчанка