Павел Севярынец: Прысутнічаў падчас родаў. Думаў, што будзе страшней…

Раніцай 23 сакавіка ў былога палітвязня Паўла Севярынца і яго жонкі Вольгі нарадзіўся сын Францішак.

“Я прысутнічаў пры родах, – распавёў Павел сайту palitviazni.info. – Волечка трымалася вельмі мужна, я ў захапленні ад яе…”

“Хлопчык нарадзіўся каля 6 гадзін раніцы, – кажа шчаслівы тата. – І ў першую чаргу хачу падзякаваць Госпаду, што ўсё прайшло добра. Я проста ў захапленні ад сваёй жоначкі, таму што яна – баец. Трамалася вельмі цярпліва, нараджала моўчкі, без ніводнага крыку. Першы наш хлопчык нараджаўся праз кесарава сячэнне, а зараз Волечка нараджала сама. Але ўсё роўна сабралася вельмі шмат дактароў, бо не ўсё было так проста”.

Павел дзякуе ўсім тым, хто маліўся за іх і падтрымліваў.

“Мы ўжо Францішку праспявалі нават першыя песенкі, – працягвае ён. – Ёсць такі хрысціянскі гімн – “Зорка Віфліемская”. Спяваецца ён на Ражство. Праспявалі Францішку – і сын супакоіўся”.

Павел Севярынец прысутнічаў падчас родаў і меркаваў, “што ўсё будзе куды страшней”:

“Нас папярэджвалі, што пасля кесарава звычайна не рызыкуюць нараджаць самі, дактары таксама нерваваліся. Але мы спрацавалі адной камандай, а Волечка мяне ў чарговы раз захапіла. Яна проста малайчына! Хацелася, натуральна, каб Францішак з’явіўся на свет у Дзень волі, 25 сакавіка, але і напярэдадні свята – гэта таксама добра”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні