Якія перспектывы “справы Кондруся”?

kondrus-5-r7331Зараз Уладзімір Кондрусь, якога праваабаронцы прызналі палітвязнем, знаходзіцца ў шпіталі, які месціцца на тэрыторыі следчага ізалятара.

“Паціху ён выходзіць з доўгатэрміновай галадоўкі, якую трымаў на знак пратэсту супраць свайго зняволення”, – распавёў сайту palitviazni.info юрыст Праваабарончага цэнтра Вясна Павел Сапелка.

 

Нагадаем, 14 чэрвеня 2016 г. быў змешчаны пад варту ў СІЗА МУС № 1 жыхар п. Рудзенск Уладзімір Кондрусь. Паводле падцверджанай Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь інфармацыі, ён абвінавачваецца па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (масавыя беспарадкі). Дадзеная крымінальная справа ўзбуджана ў межах справы па падзеях 19 снежня 2010 г. у Мінску.

На думку праваабаронцаў, змяшчэнне пад варту Уладзіміра Кондруся па абвінавачванні па арт. 293 КК па падзеях 19 снежня 2010 г. з’яўляецца адным з рэпрэсіўных дзеянняў уладаў, якія мусілі застацца ў мінулым. У сувязі з гэтым крымінальны пераслед Уладзіміра Кондруся расцэньваецца, як палітычна матываваны, а самога У. Кондруся лічаць палітычным зняволеным.

“Крымінальная справа Кондруся знаходзіцца ў Пракуратуры для вырашэння пытання аб перадачы ў суд, – распавядае Павел Сапелка. – Бацькі Уладзіміра, безумоўна, занепакоены тым, чым можа скончыцца гэтая справа, яны звярнуліся ў Пракуратуру, каб сыну змянілі меру стрымання. Пасля таго, як Уладзімір Кондруся змясцілі ў шпіталь, той паступова стаў выходзіць з галадоўкі. І бацькі пра гэта папрасілі, і медыкі абяцалі пэўную дапамогу”.

Юрыст спадзяецца, што “справа Кондруся” закончыцца тым, што палітвязень выйдзе на волю.

“Гэта можа адбыцца ў выніку вынясення прысуду, які не звязаны з пазбаўленнем волі, – кажа ён. – І такія выпадкі былі па фігурантах “справы 19 снежня”. Альбо могуць вызваліць пасля таго, як прысуд уступіць у законную сілу. Такія прагнозы, калі да справы будзе, скажам так, умерана-аптымістычны падыход. А пра найгоршы зыход нават і думаць сёння не трэба. У Уладзіміра Кондруся ёсць шанцы апынуцца на волі, улічваючы лёс усіх астатніх асуджаных па гэтай справе. Спадзяюся, уладам хопіць розума, каб выносіць чалавеку жорсткі прысуд і не распачынаць канфрантацыю”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні