Славамір Адамовіч: Не шкадую, што выказаў праўду

12933111_1365130340179121_3658487530891319877_nПаэт і адзін з першых палітвязняў у найноўшай гісторыі Беларусі Славамір Адамовіч распавёў сайту palitviazni.info пра тое, за што яго днямі адправілі ў псіхіятрычную клініку.

“Калі я бачу, што ўлада прымае нейкія абсалютна непрымальныя рашэнні, то ўсё маё нутро супраць гэтага пратэстуе”, – кажа паэт і грамадскі дзеяч.

Нагадаем, у лістападзе 1995 году Славамір Адамовіч напісаў верш «Убей президента!», за які быў арыштаваны, а праз 10 месяцаў выпушчаны пад падпіску пра нявыезд. У жніўні 1997 году паэт на адным з апазіцыйных мітынгаў публічна зашыў сабе рот.

Вясной гэтага году ва Управе БНФ Рух Салідарнасці «Разам» зладзіў вечарыну «З турмы – на волю”, прымеркаваную да падзеяў 20-гадовай даўніны – арышту Славаміра Адамовіча.

“Тады атрымалася тое, што атрымалася, – сказаў паэт падчас вечарыны. – Але я ні аб чым не шкадую. Як ні парадакасальна, але гэта толькі плюс у маю аўтабіяграфію. І мінус – для ўсяго беларускага народу. Бо за 20 гадоў нічога не змянілася”.

А днямі стала вядома, што Славаміра Адамовіча забралі з “Будслаўскага фэсту” ў псіхіятрычную лякарню “Навінкі”. Праўда, 4 ліпеня адпусцілі дадому.

“Я прыехаў у сваю родную вёску Альхоўка (недалёка ад Будслава), традыцыйна пасядзелі з землякамі, выпілі, – распавёў паэт. – Вырашыў адправіцца на “Будслаўскі фэст”. Аднак там былі такія меры бяспекі, якія мне не падабаліся. Запатрабавалі вытрасці ўсе рэчы з торбы, на што я, натуральна, абурыўся. Слова за слова – выклікалі міліцыю, затым “Хуткую”, якая і адвезла мяне ў Медзяль, а адтуль ужо перанакіравалі ў “Навінкі”.

Са слоў Славаміра Адамовіча, “касцёльна-царкоўнае свята не трэба пераўтвараць у міліцэйскі шмон”.

“Калі я бачу, што ўлада прымае нейкія абсалютна непрымальныя рашэнні, то ўсё маё нутро супраць гэтага пратэстуе, – кажа ён. – Хіба гэта нармальна, калі людзей, якія прыйшлі да Бога, трасуць бы тыя дрэвы? Пакажыце тое, здыміце гэта… Гэта ж не моладзевы рок-фэст, дзе могуць быць і агрэсіўныя маладыя людзі, а, можна сказаць, рэлігійнае свята. Таму я з гэтай нагоды выказаў усё, што думаю, за што мяне і забралі. Але пра гэта не шкадуе”.

Паэт дадае, што ў сталічнай лякарні яго пратрымалі ўсяго два дні і выпісалі, не ставячы ніякіх дыягназаў.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сяргей Башарымаў
  • Міхась Крываў
  • Мікіта Ліхавід
  • Уладзімер Сяргееў
  • Уладзімер Кобец