Адзін з першых палітвязняў у найноўшай гісторыі Беларусі Славамір Адамовіч адзначыў “юбілей”

DSCN5978 5 красавіка ва Управе БНФ Рух Салідарнасьці «Разам» зладзіў вечарыну «З турмы – на волю!”, прымеркаваную да падзеяў 20-гадовай даўніны – арышту паэта, грамадскага дзеяча Славаміра Адамовіча, які стаў адным з першых палітвязняў у найноўшай гісторыі Беларусі.

“Тады атрымалася тое, што атрымалася, – сказаў паэт падчас вечарыны. – Але я ні аб чым не шкадую. Як ні парадакасальна, але гэта толькі плюс у маю аўтабіяграфію. І мінус – для ўсяго беларускага народу. Бо за 20 гадоў нічога не змянілася”.

На вечарыне былі кіраўнік Руху Салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, адвакат Гары Паганяйла, які ў свой час абараняў Адамовіча на судзе, публіцыст Сяргей Харэўскі, бард Зміцер Захарэвіч… Зала была поўная.

“Гэта адметная дата, – сказаў напачатку мерапрыемства намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў. – Гэта быў першы выпадак у гісторыі незалежнай Беларусі, калі чалавек быў падвергнуты пераследу за сваю творчасць. Было дакументальна пацверджана, што творчасць для ўлады – гэта небяспека. Беларуская незалежнасць – гэта не толькі дзяржава і тэрыторыя, але і душа, і творчасць. Аказалася, што ўлада з’яўляецца ворагам творчасці, тым, што забівае душу народа. Выпадак Славаміра Адамовіча быў першы, які гэта пацвердзіў. Паўтаруся, сёняшняя дата насамрэч важная, каб мы не забываліся на тое, што дзяржаўнасць і незалежнасць без душы і творчасці – гэта нішто”.

Адвакатам Славаміра Адамовіча 20 гадоў таму быў Гары Паганяйла, якія таксама ўспомніў некаторыя моманты таго часу.

“Мая роля была, каб скарыстаць тыя сродкі абароны, якія мне прадастаўляў закон, – распавёў Гары Пятровіч. – Я на той момант не ўяўляў, што маладая беларуская дзяржава можа скаціцца да таго, што будуць судзіць паэта за яго верш, у якім, па вялікаму рахунку, нічога крымінальнага і не было. Але сілавікі вырашылі такімі метадамі мацаваць уладу і ўбачылі ў гэтым вершы не проста заклік, а пакушэнне на здзяйсненне тэракта у адносінах да кіраўніка дзяржавы. Менавіта па гэтаму злачынству ўзбудзілі крымінальную справу. Следчыя пайшлі вельмі простым шляхам. Яны пыталіcя ў людзей: “На ваш погляд, каго меў аўтар на ўвазе?” І тыя адказвалі – каго. Для следства гэтага было дастаткова. Славамір аб’явіў сухую галадоўка, я заспеў яго ў бальніцы КДБ на бальнічным ложку, але прыкаваным да яго. Рэзананс той справы быў вялікі, падключылася міжнародная грамадскасць. І ў выніку следства перакваліфікавала справу ў заклік да здзяйснення тэракта, а ўсё завяршылася паклёпам на прэзідэнта, што тады наогул не цягнула на пазбаўлення волі,. Але ў выніку Славамір адсядзеў за кратамі дзесяць месяцаў. Гэта быў вялікі ўрок для нас, юрыстаў, якія ўпершыню сутыкнуліся з выпадкамі, калі да крымінальнай адказнасці сталі прыцягваць творчую інтылігенцыю”.

Сам Славамір Адамовіч распавёў пра падзеі 20-гадовай даўніны так: “Той верш “Убей президента”, за які я патрапіў за краты, я пісаў на рускай мове, як курыца – левай нагой. Бо першае, што рухала маімі пачуццямі, – гэта агіда і нянавісць. На той момант, восенню 1995 году, – гэта было так. І атрымалася тое, што атрымалася. Але я ні аб чым не шкадую. Як ні парадакасальна, але гэта толькі плюс у маю аўтабіяграфію. І мінус – для ўсяго беларускага народу. Бо за 20 гадоў нічога не змянілася”.

DSCN6012

DSCN6015

DSCN6018

DSCN6007

DSCN5973

DSCN6011

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні