Славамір Адамовіч: Шкадую, што 20 гадоў таму напісаў усяго верш, за які пасадзілі ў турму, а не паэму

12933111_1365130340179121_3658487530891319877_n Дваццаць гадоў таму быў арыштаваны  паэт і грамадскі дзеяч Славамір Адамовіч, які стаў адным з першых палітвязняў у найноўшай гісторыі Беларусі.

Сёння ў інтэрв’ю сайту palitviazni.info Славамір Адамовіч успамінае падзеі тых гадоў.

“Наўрад ці я нешта змяняў бы ў сваім жыцці, – кажа паэт. – Калі такія моманты надарыліся, то іх трэба выкарыстоўваць. Для пісьменніка – гэта добра. У мяне за плячыма вялікі заплечнік і вялікі вопыт, а таму людзям ёсць што сказаць. Шкадую сёння толькі аб адным. Што 20 гадоў таго напісаў усяго верш, за які пасадзілі ў турму, а не цэлую паэму…”

Славамір АДАМОВІЧ. Нарадзіўся 8 сакавіка 1962 года на станцыі Унежма Анежскі раёна Архангельскай вобласці ў Расіі. Скончыў 8 класаў Будслаўскай школы (1977), Свірскае СПТВ-17 (1979). Працаваў у Казахстане, пасля ў саўгасе «Будслаўскі». У 1980-1982 служыў у Савецкай арміі. Працаваў на Беларускай чыгунцы, на станкабудаўнічым заводзе імя Kiрава ў Мінску. У 1986-1992 вучыўся на філфаку БДУ; у 1991-1995 працаваў у «Настаўніцкай газеце».

У лістападзе 1995г. напісаў верш “Убей президента!”, за што быў арыштаваны. У турме КДБ трымаў сухую галадоўку; праз дзесяць месяцау зняволення адпушчаны пад падпіску пра нявыезд. У жніўні 1997г. зрабіў акт індывідуальнага супраціўлення беларускаму рэжыму – на адным з мітынгаў публічна зашыў сабе рот.

 Сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў (з 1999). У 2000 знаходзіўся ў ЗША, працаваў на будоўлях Нью-Ёрку. З 2002 па 2009 жыў у Нарвегіі ў горадзе Буда. У ліпені 2009 вярнуўся на Беларусь.

– Дваццаць гадоў прайшло з таго часу, як за свой верш вы патрапілі за краты і сталі адным з першых палітвязняў у найноўшай гісторыі Беларусі. Як сёння ўспрымаеце гэты своеасаблівы “юбілей”?

–  Абвівалентна. Я б да яго ставіўся добра, каб усё гэта было ў мінулым часе. Каб можна было сёння сказаць: “Мы дваццаць гадоў таму ваявалі, і наша змаганне не было дарэмнае”. І гэта на тле нармальнага не толькі псіхалагічнага ды палітычнага, але яшчэ і эканамічнага дабрабыту ў сваёй нармальнай дзяржаве. І мы б сядзелі з вамі ды ўспаміналі, як калісьці былі пад рэжымам. Успаміналі б пра той час, як пра мінулы. На жаль, гэтага не адбываецца. І не толькі з-за рэжыму, але і з-за нас.

–  Нагадайце, як з’явіўся той верш, з-за якога вы апынуліся за кратамі?

– Ён з’явіўся ў 1995 годзе. Некаторыя сёняшнія апазіцыянеры, якія былі тады ў камандзе Лукашэнкі, думалі, напэўна, так: прывядзем яго да ўлады і будзем, як марыянетку шоргаць, пасля чаго і выбудуем лібералізм у Беларусі. Падкрэсліваю, яны хацелі менавіта лібералізм, а не нейкія нацыянальныя справы і ідэі. І, пакуль некаторыя спадзяваліся торгаць за шнурочкі, уяўляючы гэтага дзядзьку марыянеткай, мне ўжо ў 1995 годзе было ўсё зразумела. Я паслухаў яго адзін раз, другі… І напісаў тое, што думаю. Калі пісаў, была нянавісць напалову з агідай.

– Меркавалі, якія могуць быць наступствы?

– На што асабліва можа разлічваць беларускі паэт? На славу, нейкія дывідэнды? Паўтаруся, была агіда і нянавісць. Вось што рухала мною.

– Адным словам, не думалі, што можаце апынуцца за кратамі?

– Не, на той момант я ўжо рабіў іншыя рэчы (ці па меншай меры – падступаўся), і гэта – асобная тэма.

– Вас арыштавалі ў красавіку 1996-га году. Ці складана даводзілася паэту за кратамі?

– Вядома, што няпроста. З аднаго боку не хачу геройстваваць, а з другога ўпадаць у нейкі песімізм. Зрэшты, гэтым я стараюся кіравацца і па жыцці. А што было няпроста? Якраз не матэрыяльныя ўмовы, таму сваім жыццём я да гэтага быў падрыхтаваны. А вось узамаадносіны з кантынгентам (асабліва ў Віцебскім следчым ізалятары) былі рознымі. І сама ж адміністрацыя не ведала, што рабіць з першым палітвязнем, як сябе паводзіць. Я ж быў не чысты крымінальнік, хаця і быў асуджаны па крымінальнаму артыкулу. Таму спрабавалі мяне нават злучыць з варамі ў законе. З тыдзень у іх камеры пасядзеў, тэлевізар быў. Зрэшты, ніякіх кантактаў не мелася. Я сам па сабе, яны самі па сабе. Толькі што “грэлі” мяне – дзяліліся нейкай ежай. Але ж доўга не вытрымалі, ім жа трэба было свае “цёркі церці”, а не ведалі, ці можна пры мне нешта казаць. Потым былі спробы закінуць у камеру да так званых “апушчаных”. Крымінальнікі, натуральна, ведаюць, што да чаго і стараюцца пільнавацца. І то не ўсе, бо ў турмах сядзіць шмат “мужыкоў” – людзей, якія патрапілі за краты з-за нейкіх бытавых момантаў – пабіў, скраў… Здаецца, месяцы два я адсядзеў у камеры з малалеткамі, таксама ўсяго наглядзеўся.

– Такім чынам вас перавыхоўвалі?

– Што мяне было перавыхоўваць? Напрыклад, у скандынаўскіх турмах не ставяць задачу перавыхаваць чалавека, які патрапіў за краты. Там задача – проста пазбавіць волі. Сядзі і думай над сваім жыццём. І такім чынам сам перавыхоўвайся. Так адбываецца ў свабодным грамадстве. Там сам чалавек максімальна бярэ на сябе адказнасць. А ў нас… Пра тое, як “перавыхоўваюць” ў беларускіх турмах, можна гадзінамі распавядаць альбо цэлы “груглы стол” сабраць. “Даследчыкаў” за 20 гадоў у нас з’явілася багата. Але адно магу сказаць – без кардынальнага злому сістэмы нічога не зменіцца. Гэта проста расход сілы інтылектуальных духоўных людзей.

— Вы шмат пісалі ў ізалятары?

— Вядома, што пісаў, і сведчаннем таму – кніжка, якая з’явілася пазней. У мяне з маладых гадоў была звычка пісаць не толькі вершы, а нешта проста занатоўваць. У ва што гэта затым выльецца – ужо іншая справа. Практыкаваць розум, набіваць руку – гэта працуе да старасці.

– Увогуле, як да першага палітвязня ставіліся іншыя зняволеныя?

– Усё залежыла ад сацыяльнага статусу людзей. У Віцебскім ізалятары, напрыклад, чалавек, якія надглядаў за камерай, абсаджваў, калі нехта спрабаваў на мяне “наехаць”. Самыя небяспечныя для такой закрытай прасторы – гэта малалеткі. Псіхіка ў такіх людзей абсалютна неўсталяваная, вопыт жыццёвага ніякага. Дарэчы, камеры ў Віцебску былі перапоўненыя – у камерах на 10 чалавек знаходзілася па 20-25. Спалі па чарзе, былі, як селядцы ў бочцы. І ў такой абстаноўцы хочаш альбо не хочаш, але будуць праблемы. Можна пасварыцца за чаргу, табе могуць наступіць нагой на галаву… І ясна, што мацнейшы будзе трымаць гэтую самую нагу на тваёй галаве даўжэй, каб прынізіць цябе. Гэта я вобразна кажу, але такое мае месца быць.

– Вы памятаеце сваё вызваленне?

– Я памятаю толькі адчуванне. Яно такое, што візуальна адчуваеш – ты нарэшце выйшаў на волю, дзякуючы падтрымцы. І яшчэ было прадчуванне фізічнага ачышчэння, бо я знаходзіўся 10 месяцаў без лазні, без душа. А для мяне фізічная гігіена вельмі істотная. Таму адразу пасля вызвалення вельмі хацелася памыцца. А яшчэ пасля вызвалення, летам 1997 году, я ўчыніў яшчэ адну акцыю пратэсту супраць заціскання свабоды слова – зашыў сабе рот на адным з мітынгаў. І яшчэ правёў шмат акцый.

– Сёння аб нечым шкадуеце?

– Наўрад ці я нешта змяняў бы ў сваім жыцці. Калі такія моманты надарыліся, то іх трэба выкарыстоўваць. Для пісьменніка – гэта добра. У мяне за плячыма вялікі заплечнік і вялікі вопыт, а таму людзям ёсць што сказаць. Шкадую сёння толькі аб адным. Што 20 гадоў таму напісаў усяго верш, за які пасадзілі ў турму, а не цэлую паэму.

– Сёння на вуліцы – пацяпленне стасункаў з Захадам. На ваш погляд, ці могуць зараз з’явіцца справы кшталту вашай?

– Што да паэтаў, то, на вялікі жаль, я не бачу сур’ёзных аўтараў, якія б маглі б у той ці іншай ступені наследваць мой вопыт. І таму ў гэтым сэнсе ўлада можа быць спакойнай. Як я бачу, у бліжэйшай будучыні ёй не прыйдзецца кідаць паэтаў за краты, калі гэтыя самыя паэты не зменяць сваё бачанне сітуацыі.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Эдуард Пальчыс
  • Цімох Дранчук
  • Павал Вінаградаў
  • Сяргей Гумінскі
  • Павал Севярынец