Былы палітвязень: Мяне цешаць вынікі сваёй працы…

DSCN4877У снежні група вядомых прадстаўнікоў культуры і грамадскіх дзеячаў заклікала апазіцыю да кансалідацыі ды правядзення кангрэса дэмакратычных сіл для выпрацоўкі далейшых дзеянняў.

На наступны дзень апазіцыйныя палітыкі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Станіслаў Шушкевіч абвясцілі аб стварэнні аргкамітэта для падрыхтоўкі кангрэса. У той жа дзень Статкевіч паведаміў, што ў аргкамітэт пагадзіліся ўвайсці Зміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў і Генадзь Фядыніч.

Былы палітвязень Мікалай Статкевіч распавёў сайту palitviazni.info пра тое, як ідзе падрыхтоўка да Кангрэса.

– Справа рухаецца, – кажа экс-палітвязень. – Ідуць пасяджэнні аргкамітэту, абмяркоўваецца парадак вылучэння кандыдатаў, мы прынялі рашэнне аб стварэнні працоўнай групы. Натуральна, ідзе праца і ў рэгіёнах.

– Можа быць, да вашага аргкамітэту нехта далучыўся новы?

– Ёсць некаторыя персоны, якія жадаюць далучыцца, але пакуль яны, як кажуць, у пошуках. У любым выпадку, ужо вясной рэальна правядзенне Кангрэса.

– Мэты засталіся ранейшыя?

– Так. Галоўнае – ацэнка сітуацыі ў краіне і пошук адказаў на пытанне, якія могуць быць шляхі выхаду. На выхадзе мерапрыемства будзе план дэмакратычных перспектываў і рэформаў. І таксама трэба распрацаваць тое, што павінны зрабіць дэмакратычныя сілы, каб гэтую праграму рэалізоўваць. Безумоўна, неабходна і кансалідацыя, бо будзем прымаць нейкую агульную праграму.

– Ці зможа Кангрэс аб’яднаць апазіцыю?

– Мы спадзяемся на гэта, але бачым такую тэндэнцыю, што кіраўніцтва часткі партый не жадае далучацца да Кангрэса. Дарэчы, магчыма нават змена назвы Кангрэса і яго фармату, калі там не будуць прадстаўлены афіцыйна ўсе дэмакратычныя плыні.

– Калі адыйсці ад тэмы Кангрэса… Разам са старшынёй РГА “Перспектыва” Анатолем Шумчанкам вы аднеслі ў Мінгарвыканкам заяўку на правядзенне акцыі прадпрымальнікаў. Пакуль няма адказу?

– Адказ чакаем. А заяўку падалі таму, што я бачу – прадпрымальнікі баяцца прымаць удзел у несанкцыянаваных акцыях, іх колькасць недастатковая, каб улады пачалі выконваць іх патрабаванні. Лідары апазіцыі паказалі ІП-эшнікам, як праводзіць такія мерапрыемствы, але людзі не гатовы. Можа быць, калі акцыя будзе санкцыянаваная, то на вуліцу выйдзе больш людзей.

Але асабіста мяне цешаць вынікі працы, якую я распачаў – аб пашырэнні прасторы свабоды і правядзенні акцый у цэнтры сталіцы, а не на нейкай плошчы Бангалор. Мая работа дае плён.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Рыгор Кійко
  • Ігар Аліневіч
  • Аляксей Бондар
  • Андрэй Кім