Алесь Міхалевіч: Чакаю, што Беларусь стане больш беларускай

12002772_1017588348273697_3504167498889920434_n_0Экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч быў вымушаны пакінуць Беларусь пасля прэзідэнцкай кампаніі 2010 году. Тады ён з шэрагам іншых кандыдатаў на вышэйшую пасаду ў краіне апынуўся пад крымінальным пераследам. Міхалевіч стаў адным з фігурантаў нашумелай справы “Аб масавых беспарадках”. Пэўны час палітык знаходзіўся ў СІЗА КДБ і быў першым з тых, хто заявіў пра жорсткія катаванні ў турэмных засценках.

Выйшаўшы на волю пад падпіску аб нявыездзе, Міхалевічу ўсё ж-такі ўдалося пакінуць Беларусь і эмігрыраваць у Чэхію. Але ў гэтым годзе палітык вярнуўся на радзіму пасля пяці гадоў жыцця за яе межамі.

Напярэдадні Новага году Алесь Міхалевіч даў бліц-інтэрв’ю сайту palitviazni.info.

– Якім для вас асабіста стаў адыходзячы год?

Натуральна, ён стаў для мяне вельмі шчаслівым. Я нарэшце вярнуўся ў Беларусь з вымушанай эміграцыі. Зараз са мной побач мая сям’я і сябры. Гэта самае вялікае шчасце, і, паверце, гэта дарагога каштуе – быць з блізкімі побач, а не на адлегласці.

– Вы дагэтуль застаецеся фігурантам справы “Аб масавых беспарадках”. Нягледзячы на ўсе вашы намаганні і хадайніцтвы, следчыя органы адмаўляюцца закрываць справу супраць вас. З чым гэта, на вашую думку, можа быць звязана?

– Для мяне відавочна: крымінальную справу ў дачыненні да мяне не спыняюць таму, што гэта добрая магчымасць трымаць мяне пад кантролем. Я вельмі спадзяюся, што ў рэшце рэшт яна будзе закрыта, але пакуль маем тое, што маем.

– Тым не менш, грамадзянскай актыўнасці вы не прыпыняеце. Што будзеце рабіць у годзе надыходзячым?

— Па-першае, буду радавацца магчымасці быць побач з роднымі. Па-другое, не пакідаю думкі аб уласным прафесійным развіцці – хачу далей развівацца, як юрыст, каб сваімі канкрэтнымі ведамі дапамагаць канкрэтным людзям. Да таго ж, чакаю, што ў надыходзячым 2016-м годзе Беларусь стане больш беларускай, а дакладней – беларускамоўнай. Ёсць пэўныя планы і задумкі ў гэтым накірунку і ў мяне. Пастараюся зрабіць і свой пасільны ўнёсак у гэтую справу.

palitviazni.info

 

 

 

Іншыя палітычныя вязьні