У Мінску прайшла акцыя да гадавіны рэферэндуму 1996 года

DSCN5302Напярэдадні кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года і былы палітвязень Мікалай Статкевіч абвясціў у сацыяльных сетках аб правядзенні 24 лістапада вулічнай акцыі, прымеркаванай да гадавіны рэферэндуму 1996 года.

Па выніках акцыі спадар Статкевіч застаўся задаволеным, як прайшло мерапрыемства.

“Грамадства неабходна ўскалыхваць, пра значныя падзеі не трэба забываць”, – сказаў былы палітычны зняволены сайту palitviazni.info.

“У чарговую гадавiну ўсталявання дыктатуры у нашай краiне мы ўшануем памяць тых, хто ахвяраваў сваiм жыццём дзеля свабоды Беларусi. Мы не ведаем, дзе пахаваны Юрый Захаранка i Вiктар Ганчар. Таму мы прыйдзем да месцаў, дзе яны працавалi – да будынкау МУС i ЦВК, каб запалiць каля iх знiчы памяцi аб забiтых. Запрашаю тых, хто здольны, далучыцца да нас”, – так напісаў напярэдадні былы палітвязень на сваёй старонцы ў Facebook.

Каля 18.00 людзі сабраліся ля ГУМа. Акцыя не была шматлікай, але хапіла і тых, хто вырашыў у цэнтры сталіцы аддаць даніну памяці Юрыю Захаранку і Віктару Ганчару ды ўспомніць пра рэферэндум 1996 году. Традыцыйна хапала і сілавікоў у цывільным, якія здымалі сабраўшыхся на відэа з усіх ракурсаў.

Маладыя і сталыя трымалі ў руках запаленыя знічкі, плакаты з выявамі Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі.

Людзі прайшлі ўздоўж праспекта ад ГУМа да МУС (там, дарэчы, сілавікі зараней паставілі агароджу і грузавік), дайшлі да Цэнтрвыбаркама на плошчы Незалежнасці.

На прыступках былога Вярхоўнага Савета Уладзімір Някляеў і Мікалай Статкевіч успомнілі пра рэферэндум і зніклых палітыкаў, пасля чаго ўдзельнікі акцыі пакінулі на прыступках знічкі.

Дарэчы, ужо ў традыцыю ўвайшло падчас такіх мерапрыемстваў складанне адміністрацыйных пратаколаў.

Паводле назіральнікаў,  пратаколы склалі на Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Някляева, Антона Жылко, Максіма Вінярскага, Станіслава Паўлянковіча, Андрэя Давідовіча, Мікалая Галко, Наталлю Сацункевіч, Алеся Макаева, Сяргея Каспяровіча і Галіну Абакумчык.

“Я лічу гэтую акцыю вельмі неабходнай, – сказаў Мікалай Статкевіч. – Грамадства неабходна ўскалыхваць, пра значныя падзеі не трэба забываць. Заходнія палітыкі часам кажуць: “Выбары ў Беларусі прайшлі мірна і спакойна”. Але спакойна бывае і на могілках. У нашым выпадку – на палітычных могілках. Трэба іх крыху ажывіць, бо наперадзе нас чакае новая палітычная кампанія – парламенцкая”.

Па словах палітыка, у такой сітуацыі “нам трэба ладзіць блок палітычных праеўрапейскіх сілаў, і ставіць уладу перад выбарам”.

“Альбо яны зменяць выбарчы закон, і мы будзем змагацца за перамогу на выбарах, альбо нічога не зменяць, і тады мы выкарыстаем кампанію, каб падрыхтаваць людзей да вулічных пратэстаў”, – дадаў Мікалай Статкевіч.

DSCN5279

DSCN5284

DSCN5282

DSCN5286

DSCN5308

DSCN5306

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Плешчанка
  • Сяргей Каваленка
  • Міхаіл Пашкевіч
  • Алесь Стральцоў
  • Уладзімер Лыско