Чаму ў лісьце ад Бяляцкага ані слова ад яго?

Праваабаронцы зь «Вясны» не выключаюць, што ліст ад Алеся Бяляцкага невыпадкова прыйшоў без пасланьня ад яго самога.

Паводле жонкі праваабаронцы Алеся Бяляцкага Натальлі Пінчук ад мужа ўжо больш за два тыдні няма лістоў і званкоў, што яе вельмі непакоіць. Натальля Пінчук, аднак, ня стала камэнтаваць гэта, сказаўшы, што яшчэ пачакае.

А вось ў праваабарончым цэнтры «Вясна» атрымалі ліст ад Алеся Бяляцкага. Капэрту з бабруйскай калёніі з подпісам Бяляцкага прыйшоў намесьніку старшыні «Вясны» Валянціну Стэфановічу. Пры гэтым праваабаронца са зьдзіўленьнем адзначае, што ўнутры капэрты ліста ад самога Бяляцкага не аказалася: толькі паштоўка «Міжнароднай амністыі», якая прыйшла палітвязьню з Бэльгіі ды выразка зь беларускай газэты.

Валянцін Стэфановіч ня ведае, што гэта можа азначаць:

«Чамусьці самога, ўласна кажучы, ліста там не было. Ці яго выдалілі, ці ён туды і ня быў пакладзены — гэтага я ня ведаю. Дарэчы, мне ён ўжо даўно не пісаў».

Валянцін Стэфановіч не выключае і такой магчымасьці, што Алесь Бяляцкі зь нейкіх прычын ня змог напісаць уласны ліст і таму абмежаваўся дасланай яму раней паштоўкай, каб паказаць, што такія пасланьні яму даходзяць.

Праваабаронца згадвае, што мова сыгналаў у іх ліставаньні ўжо ўжывалася. Гэтак, сёлета ў адным зь лістоў Алесь Бяляцкі намякнуў яму пра тое, што яго рыхтуюць да зьмяшчэньня ў ШІЗА — карцэр у калёніі. Пазьней Валянцін Стэфановіч пэўна даведаўся, што Бяляцкага зьбіраліся на некалькі дзён пасадзіць ў ШІЗА і нават ўжо правялі мэдычнае абсьледаваньне, але мусілі адмяніць загад, бо стала вядома, што калёнію наведае папскі нунцый Клаўдыё Гуджэроці.

Пасьля атрыманьня ад Алеся Бяляцкага «ліста без ліста» Валянцін Стэфановіч напісаў свайму сябру ў калёнію. «Пагляджу, якім будзе адказ: паўнавартасным ці зноў умоўным», — сказаў Валянцін Стэфановіч.

Кіраўнік праваабаронцага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года зьняволеньня афіцыйна за ўтойваньне прыбыткаў з-за мяжы. Праваабаронца даводзіў у судзе, што атрыманыя грошы ішлі на дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсій. Трымаюць Алеся Бяляцкага ў бабруйскай калёніі.

- у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

09.09.2020 “На гвалт і катаванні быў загад”. Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі прааналізаваў месяц, які пражыла краіна пасля выбараў

05.08.2020 “Усё гэта мне нагадвае нейкае дэжавю…” Дзевяць гадоў таму быў арыштаваны кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі

03.06.2020 Алесь Бяляцкі: Улады паказваюць, што не збіраюцца гуляць па правілах

07.05.2020 Алесь Бяляцкі: У Беларусі асноўны удар накіраваны на блогераў

09.04.2019 Алесь Бяляцкі: Пераслед незалежных СМІ у гэтым годзе толькі ўзмацніўся

21.03.2019 Алесь Бяляцкі: Няма ніякага сумневу, што справа Аюба Ціціева – палітычная

31.05.2018 Алесь Бяляцкі: Перакананы, што лідараў незалежнага прафсаюза не пасадзяць

30.03.2018 Алесь Бяляцкі: Рэпрэсіўныя механізмы працягваюць працаваць

22.03.2018 Алесь Бяляцкі: Улады зрабілі больш жорсткай тактыку рэпрэсій

28.12.2017 Алесь Бяляцкі: Гэта быў няпросты і досыць трывожны год

Іншыя палітычныя вязьні