Павал Севярынец: “Адказнасьць за лёсы палітвязьняў найперш ляжыць на нас, беларусах”

Шчыры, харызматычны, усмешлівы, таленавіты, гэты чалавек проста падкупае сваёй манерай размаўляць і разважаць. Не выпадкова ён гаворыць, што нават на “хіміі” удавалася працаваць з людзьмі. Пасьля вызвалення са сьпецкамэндатуры ў Купліне Павал Севярынец ізноў актыўна ўключыўся ў працу аргкамітэту па стварэнні Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі. Неўзабаве пасьля прыезду Паўла ў Менск рalitviazni.info запісалі гэта кароткае інтэрв’ю, у якім, аднак, нядаўні палітвязень адказвае на адно з найважнейшых пытанняў — як дабіцца вызвалення ўсіх астатніх?

— Павал, што вы можаце сказаць пра ўмовы вашага ўтрымання? Ці стварала адмысловыя праблемы адміністрацыя, сыходзячы з вашага палітычнага статуса?

— Насамрэч на “хіміі” лягчэй, чым у турме, чым у “зоне” — зразумела, дзякуй Богу. Можа быць, я знаходзіўся ў больш кепскіх умовах адносна тых, хто атрымаў хатні арышт альбо ўмоўны тэрмін, але ў лепшым становішчы адносна тых, хто зараз сядзіць у турмах ці “зонах”. Паколькі на “хіміі” была магчымасьць паведамляць пра ўсё праз мабільную сувязь, то адміністрацыя баялася адкрытых правакацый, і супраць мяне іх не ўжывалі. Таму што любыя гвалтоўныя дзеянні тут жа станавіліся вядомыя грамадскасьці. Калі мяне спрабавалі, напрыклад, пазбавіць магчымасьці хадзіць у царкву, казалі, што я абмежаваны ва ўсім, што абмежаванне волі — гэта абмежаванне ў тым ліку і свабоды веравызнання, удалося за пару дзён проста гэта “адбіць”, і мне далі дазвол наведваць царкву. Калі ўладкавалі на працу, удалося адстаяць працу паводле Працоўнага кодэксу, з 8 да 17 гадзінаў пяць дзён на тыдзень, усё астатняе — толькі са згоды наймальніка. Маёй згоды на гэта не было. Хоць я і “хімік”, але гэтыя правы маю. Таму машына не магла ламаць мяне, бо тут ужо і грамадская думка, і закон былі на маім баку. Ну і, у рэшце рэшт, паколькі такі сімбіёз, як кажуць, такое суіснаванне, адміністрацыя цярпела “палітычнага” і, можа быць, старалася асабліва яго не кранаць, дачакацца, пакуль ён сыдзе.
З другога боку, мае задачы і праца з людзьмі, якія прыязджалі да мяне, з асуджанымі – усё гэта сталася магчымым. Удавалася праводзіць біблейскія віктарыны, напрыклад, на “хіміі” — раз на два тыдні. Удавалася перапісвацца: 2,5 тысячы лістоў атрымаў і ўсім, у каго быў зваротны адрас, адпісаў. Больш за 230 чалавек сталі падпісчыкамі хрысціянска-дэмакратычнай “Крыніцы”. То бок, бачыце, працаваць было магчыма.

— А як вы пракаментуеце сітуацыю з палітвязьнямі, якія зараз у зьняволенні? Ёсьць інфармацыя, што на іх зараз адбываецца ціск, у прыватнасьці, на Аўтуховіча…

— Гэта значна больш цяжкі выпадак, гэта, канечне, не “хімія”. У турме можна рабіць з чалавекам практычна усё. Таму Аўтуховіч быў даведзены да такога стану, што вымушаны быў ускрываць сабе жывот, таму Васьковіч не вылазіць з карцэраў, таму і Дашкевіч, якога я ўчора бачыў, гэта проста скура і косьці — хлопец у самым росквіце сіл, 32 гады, а ён ужо жоўты проста. Нягледзячы на тое, што ў яго агромністая ўнутраная сіла, вось так турма проста гноіць чалавека. Таму там, безумоўна, ціск наймацней. На Статкевіча, на Бяляцкага ціск наймацней, там пазбаўленне перадачаў, там сукамернікі, якія не толькі даюць інфармацыю, але яшчэ і часам правакуюць. Гэта рэальнасьць, з якой сутыкаўся кожны, хто сядзеў у беларускай турме. Савецкая карная сістэма — яна працуе. І тут застаецца толькі маліцца за тых, хто там, дапамагаць ім, старацца як мага наблізіць час іхняга вызвалення.

— Якія, на ваш погляд, захады мусіць рабіць і ўнутры краіны беларуская грамадскасьць, і знешняя міжнародная дэмакратычная грамадскасьць, каб хутчэй палітвязьні выйшлі на волю?

— Я перакананы, што галоўны, ключавы чыннік — гэта ўнутрыбеларускі ціск. Калі будзе беларускі ціск, тады еўрапейцы змогуць займаць больш прынцыповую пазіцыю, гэта адназначна. Калі беларускага ціску не будзе, нават мінімальнага — тады еўрапейцы паўстануць перад пытаннем, што рана ці позна трэба здаваць пытанне палітвязьняў у архіў. Што пакрокава, на мой погляд, і адбываецца зараз. Але адказнасьць за гэта не на еўрапейцах ляжыць, вось тут, маё перакананне: адказнасьць ляжыць на нас. У свой час Хрысціянская дэмакратыя праводзіла хвалю салідарнасьці, і кожны дзень у адным горадзе мы праводзілі акцыю падтрымкі палітвязьняў: расклейку ўлётак, распаўсюд інфармацыі, фільмы, пікеты, расьцяжкі… Вось калі гэта будзе адбывацца кожны дзень, калі гэта будзе адбывацца з удзелам тысячаў людзей (а гэта магчыма нават пры сённяшняй сітуацыі, пры сённяшнім рэжыме) — тады, я больш чым упэўнены, палітвязьні выйдуць літаральна праз некалькі месяцаў. Таму арганізаваць такую сістэму, інфармаваць людзей пра палітвязьняў — вось цяпер, падчас статусных акцыяў дэмакратычных сіл, — гэта проста задача гонару. Гэта задача, якая не абмяркоўваецца, яна павінна стаяць першай. Калі адзін за ўсіх, то ўсе — за аднаго!

 

Іншыя палітычныя вязьні

  • Павал Сырамолатаў
  • Зьміцер Дрозд