
10 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска разглядаецца заява экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі, лідара кампаніі “Гавары праўду!” Уладзіміра Някляева аб распачынанні крымінальнай справы па факце нападу на яго 19 снежня 2010 года.
Апазіцыйны палітык просіць суд адмяніць пастанову пра адмову ў распачынанні крымінальнай справы, падпісаную пракурорам мінскай пракуратуры Ермаковым, і абавязаць “распачаць крымінальную справу па факце бандыцкага нападу”.
Перад пачаткам пасяджэння палітык паведаміў БелаПАН, што неаднаразова звяртаўся ў розныя інстанцыі з патрабаваннем распачаць крымінальную справу па факце збіванняў, аднак нідзе, у тым ліку ў пракуратуры, яго скарга не была падтрыманая.
Паводле слоў палітыка, сваю адмову пракуратура матывавала тым, што падчас правядзення расследавання не было знойдзена доказаў таго, што на экс-кандыдата напалі супрацоўнікі праваахоўных органаў.
“Праваахоўныя органы абавязаныя знайсці бандытаў у чорнай форме без апазнавальных знакаў, якія збіваюць і рабуюць грамадзян у цэнтры горада, гэта іх прамы абавязак”, — мяркуе Някляеў. Ён дадаў, што ў вечар збівання яго невядомымі таксама была выкрадзеная дарагая апаратура.
Палітык мяркуе, што “ведаючы нашу судовую сістэму”, вынік яго звароту ў суд прадказаць лёгка — ён будзе адмоўным. “Але гэта не азначае, што я займаюся марнай справай”, — заявіў Някляеў. Ён зазначыў, што цудоўна ведае, што за людзі на яго напалі, бо “так прафесійна дзейнічаць могуць толькі спецыяльна навучаныя людзі накшталт супрацоўнікаў спецназа, АМАПа ці падраздзялення “Алмаз”.
belapan.com