Алег Воўчак: Улады зладзілі чарговую правакацыю супраць Гайдукова

З дапамогай спецыяльна падрыхтаваных публікацый у СМІ спецслужбы спрабуюць дыскрэдытаваць палітвязня.

Кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак мяркуе, што Андрэй Гайдукоў не вінаваты ў тых злачынствах, за якія быў асуджаны і заяўляе пра патрэбу дамагацца яго неадкладнага вызвалення. Пра гэта праваабаронца заявіў у інтэрв’ю сайту charter97.org.

«Прачытаў інтэрв’ю з першым намеснікам пракурора Віцебскай вобласці Аляксандрам Сідаровічам у «Комсомольской правде в Беларуси», у якім ён распавёў пра падрабязнасці «шпіёнскай справы». У мяне ўзнікаюць сумневы ў праўдзівасці агучанай ім інфармацыі. Калі ў іх было ўсё так прыгожа зроблена, то ўзнікае шэраг пытанняў, галоўнае з якіх – чаму працэс ішоў у закрытым рэжыме?

Яшчэ надоечы КДБ заяўляў, што Андрэя Гайдукова ўзялі падчас закладкі тайніка з нейкай сакрэтнай інфармацыяй. Цяпер выяўляецца, што спецслужбы нібыта самі заклалі гэтую схованку і, мяркуючы са слоў намесніка пракурора, справакавалі Гайдукова на тое, каб ён прачытаў інфармацыю і атрымаў грошы, якія там ляжалі.

Усё гэта падобна да «следчых эксперыментаў», якія часта праводзяць праваахоўныя органы ў дачыненні да чыноўнікаў у справах аб махлярстве або хабарах і правакуюць іх на злачынствы», – заявіў Алег Воўчак.

Кіраўнік «Прававой дапамогі насельніцтву» мяркуе, што падобнымі публікацыямі ўлады спрабуюць зганьбаваць Гайдукова.

«Інтэрв’ю з намеснікам пракурора можна назваць правакацыяй супраць Гайдукова. Яго задача – выставіць хлопца ў непрывабным святле. Яны ідуць на гэта праз страх перад тым, што Гайдукова прызнаюць палітычным зняволеным і імкнуцца не дапусціць гэтага», – адзначыў Алег Волчак.

Пры гэтым, праваабаронца адзначыў, што нават з інтэрв’ю намесніка пракурора вынікае, што Андрэй Гайдукоў не ўчыняў злачынства, за якое яго асудзілі. Таксама застаецца невядомым, якую менавіта інфармацыю ён мог перадаць замежным спецслужбам.

«Мне, як юрысту, вельмі складана каментаваць гэтае ўкладанне: яно нагадвае вядомы аповяд Чэхава «Ванька», герой якога адправіў ліст «на вёску дзядулю». Цяпер стагоддзе інфарматыкі і высокіх тэхналогій, але аперацыі КДБ застаюцца на ўзроўні пачатку 20 стагоддзя. Складваецца адчуванне, што супрацоўнікі спецслужбаў нават не бачылі сучасных фільмаў пра шпіёнаў. Згодна з іхняй логікай, у Беларусі можна судзіць кожнага другога, бо шмат хто з людзей адсылае сваім сябрам у Амерыку статыстычныя звесткі, якія і без таго ёсць у інтэрнэце. Таму застаецца цалкам незразумелым, якая небяспека зыходзіла ад Гайдукова, каб яго арыштоўваць на паўтара года.

З інтэрв’ю намесніка пракурора вобласці зразумела, што хлопец нічога нікому не перадаў, і незразумела, што менавіта ён наогул мог перадаць выдуманаму супрацоўніку ЦРУ. Няма матыву, няма спосабу перадачы «сакрэтнай інфармацыі».

Я думаю, што хтосьці паспрабаваў на гэтай справе зарабіць новы ранг і пагоны, але з усяго гэтага атрымалася буйная «падстава» для пракуратуры і КДБ. Хто іх падставіў – невядома. Не выключана, што структура-канкурэнт, напрыклад МУС.

Мяркую, што Гайдукоў не вінаваты, ён не парушыў аніводнага закона, не здраджваў дзяржаве, не ўступаў у кантакт з замежнымі спецслужбамі. Ён павінен уважацца за палітычнага зняволенага, – сказаў Алег Воўчак.

Праваабаронца выказаў сваю версію таго, чаму працэс над Андрэем Гайдуковым быў закрытым.

«Пасля інтэрв’ю намесніка пракурора стала зразумела, што калі б яго судзілі на адкрытым судовым пасяджэнні, то ў зале б усе смяяліся. Суддзя проста не здолеў бы весці справу. Такое ўжо было, калі ішоў працэс над Аўтуховічам. Абвінавачванне тады заявіла, што абвінавачаны спрабаваў стрэліць з няспраўнага гранатамёта па хаце, да якой снарад проста не мог даляцець. Цяпер спецслужбы хацелі схаваць свае недапрацоўкі і непрафесіяналізм.

Аднак, да гэтай справы трэба ставіцца сур’ёзна, бо такія працэсы не выключаныя і ў будучыні. Не варта забываць, што якімі б ні былі прычыны, на месцы незаконна асуджанага Гайдукова могуць апынуцца іншыя людзі. Мы павінны дамагацца яго вызвалення нароўні з усімі астатнімі палітвязнямі», – заявіў праваабаронца.

Нагадаем, 1 ліпеня актывіста апазіцыі Андрэя Гайдукова прызналі вінаватым у спробе ўстанаўлення кантактаў з замежнай выведкай. Прысуд яму вынес Віцебскі абласны суд.

Іншыя палітычныя вязьні