Праваабаронцы прызналі Андрэя Гайдукова палітзняволеным

Асуджэнне Андрэя Гайдукова з’яўляецца неабгрунтаваным і палітычна матываваным. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве Беларускага Хельсінкскага камітэта і закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Праваабаронцы зазначаюць, што асуджэнне Гайдукова “ў значнай ступені мела на мэце павышэнне ролі і значнасці КДБ у дзяржаве непрымальнымі ў дэмакратычным грамадстве метадамі, а пазбаўленне волі было прыменена з парушэннем права на справядлівы судовы разбор, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, працягласць пазбаўлення волі яўна непрапарцыянальная (неадэкватная) правапарушэнню, у якім асоба была прызнаная вінаватай”.

Аўтары заявы патрабуюць неадкладна вызваліць Гайдукова, адмяніць незаконна вынесены прыгавор і перагледзець яго пры выкананні права на справядлівы судовы разбор.

Гайдукоў быў асуджаны 1 ліпеня па частцы 1 артыкула 14 і артыкуле 356 прым. Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (замах на ўстанаўленне супрацоўніцтва са спецыяльнай службай, органам бяспекі ці разведвальным органам замежнай дзяржавы). Віцебскі абласны суд пад старшынствам Галіны Урбановіч прыгаварыў яго да паўтара года пазбаўлення волі.

Як зазначаюць праваабаронцы, крымінальны пераслед Гайдукова пачаўся ў лістападзе 2012 года, калі ён быў затрыманы супрацоўнікамі дзяржбяспекі і змешчаны ў следчы ізалятар КДБ. 13 лістапада 2012 года КДБ распаўсюдзіў інфармацыю пра спыненне супрацьпраўнай дзейнасці грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які займаўся па заданні замежнай разведкі зборам і перадачай інфармацыі палітычнага і эканамічнага характару. У дачыненні да затрыманага была распачата крымінальная справа па ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці). Ужо падчас судовага разбору абвінавачванне перакваліфікавалі.

Праваабаронцы таксама канстатуюць, што папярэдняе расследаванне і судовы разбор былі поўнасцю закрытымі і непразрыстымі, нягледзячы на павышаную цікавасць да гэтай справы з боку грамадскасці і СМІ.

Пры гэтым кампетэнтнымі органамі не было дадзена ніякага абгрунтавання неабходнасці разгляду справы ў закрытым судовым пасяджэнні. “З улікам таго, што Гайдукову спачатку ставілася ў віну ўчыненне больш цяжкага злачынства (арт. 356 КК — здрада дзяржаве), а ў далейшым яго дзеянні былі перакваліфікаваныя на менш цяжкае злачынства, можна меркаваць, што неабходнасць у разглядзе гэтай справы ў закрытым судовым разборы была выкліканая жаданнем утаіць ад грамадскасці незаконныя метады расследавання і правакаванне абвінавачванага да ўчынення больш цяжкага злачынства”, — сказана ў заяве.

На думку праваабаронцаў, такая кваліфікацыя ўчыненага судом паказвае, што “КДБ увёў у зман грамадскасць у той час, як супрацоўнікамі КДБ не было выяўлена факта ўстанаўлення грамадзянінам Рэспублікі Беларусь супрацьпраўнага супрацоўніцтва з органамі замежнай дзяржавы”. Пры ўстаноўленых акалічнасцях супрацоўнікі КДБ працягвалі схіляць Гайдукова да ўчынення больш цяжкага злачынства, г.зн. учынілі правакацыю, падкрэсліваецца ў заяве.

Аўтары заявы таксама зазначаюць, што падчас расследавання парушалася права Гайдукова на абарону, адвольна абмяжоўваліся яго сустрэчы з адвакатам. Кантакты са сваякамі былі абмежаваныя нерэгулярнай, жорстка цэнзураванай перапіскай. Мерай уздзеяння на адваката Гайдукова стала папярэджанне аб крымінальнай адказнасці за абвяшчэнне звестак папярэдняга расследавання.

“Гэтая мера, якая празмерна шырока прымяняецца на практыцы, сур’ёзна абмяжоўвае магчымасці адваката адстойваць інтарэсы свайго падабароннага”, — падкрэсліваецца ў заяве.

Праваабаронцы звяртаюць увагу на тое, што артыкул 356 прым. быў унесены ў КК Беларусі ў лістападзе 2011 года. “Беларускія праваабаронцы ўжо тады ўказвалі на недапушчальнасць выкарыстання ў крымінальным законе неканкрэтных азначэнняў, у тым ліку якія дапускаюць адвольнае ці расшыральнае іх тлумачэнне”, зазначаецца ў заяве.

У канцы мая 2013 года з заявы старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка стала вядома, што крымінальная справа па абвінавачванні Гайдукова накіраваная ў суд, дзе будзе разгледжаная на закрытым судовым пасяджэнні; выстаўленае абвінавачванне не мянялася.

На думку праваабаронцаў, “такая празмерная актыўнасць кіраўніка КДБ, а не пракуратуры, якая падтрымлівае абвінавачванне ў судзе, у асвятленні дэталяў і перспектыў судовага разбору сведчыла пра магчымы ўплыў КДБ на высновы і працэсуальныя рашэнні суда”. “Характар абвінавачвання з улікам грамадскай значнасці справы не пакідае сумненняў у тым, што разгляд яе ў судзе павінен быў прайсці з выкананнем прынцыпу галоснасці, бо перадумоў для яго абмежавання, прадугледжаных законам, не існавала”, — гаворыцца ў заяве.

Праваабарончыя арганізацыі таксама зазначаюць, што дзеянне, за ўчыненне якога асуджаны Гайдукоў, адносіцца да катэгорыі злачынстваў, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі. Да асобы, якая абвінавачваецца ў яго ўчыненні, нельга прымяніць меру стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.

“Аналіз наяўных даных не дазваляе зрабіць выснову пра тое, што прызначанае судом пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі з’яўляецца апраўданым. На наш погляд, факт прызнання судом Гайдукова вінаватым у замаху на ўчыненне злачынства, што адносіцца да катэгорыі, якая не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, раней не судзімага, не дазваляў суду прымяніць да яго рэальнае пазбаўленне волі. Такім чынам, узяцце пад варту і асуджэнне на пазбаўленне волі з’яўляецца самавольным”, — падкрэсліваецца ў заяве беларускіх праваабаронцаў.

Аператар наваполацкага НПЗ “Нафтан”, лідар незарэгістраванага грамадскага аб’яднання “Саюз маладых інтэлектуалаў” Андрэй Гайдукоў быў затрыманы 8 лістапада 2012 года. Паводле версіі следства — “у момант закладкі тайніка са звесткамі, што цікавяць замежныя спецслужбы”.

Прадстаўнікі апазіцыі і праваабаронцы звязваюць крымінальны пераслед Гайдукова з яго актыўнай грамадскай дзейнасцю.

Абарона асуджанага актывіста мае намер абскардзіць прысуд.

belapan.com

Іншыя палітычныя вязьні