
Палітвязня-маладафронтаўца Эдуарда Лобава ў Івацэвіцкай калоніі наведаў святар, ксёндз Дзмітрый з Пінскай епархіі.
Па словах маці палітзняволенага Марыны Лобавай, візіт святара планаваўся напярэдадні Калядаў. Але з-за яго занятасці ў парафіі перад святам ён прыехаць не здолеў. Але знайшоў час зараз.
«Я вельмі ўдзячная яму за гэта. Тым больш, што прыйшлося праехаць не блізкі шлях», — кажа Марына Лобава. Яе сын спавядаўся і прыняў прычасце.
— Быў вельмі рады візіту ксяндза, асабліва ў такі святочны дзень. Ён здаровы, выглядае бодра. Вельмі добра пагутарылі, даволі доўга. Адміністрацыя таксама не была супраць. Прысутнічаў пры сустрэчы зампаліт. Дзякуй Богу, што і так нехта можа да яго трапіць.
Па словах Марыны Лобавай, ксёндз Дзмітрый зараз будзе замацаваны за гэтай калоніяй і зможа наведваць Эдуарда Лобава і іншых зняволеных каталіцкага веравызнання.
Эдуард Лобаў быў асуджаны разам з кіраўніком Маладога Фронту Змітром Дашкевічам. Лобаў на 4, Дашкевіч на 2 гады зняволення. Іх затрымалі за суткі да прэзідэнцкіх выбараў 2010 года і абвінавацілі ў хуліганстве. Аднак на судзе не было прадстаўлена пераканаўчых доказаў іх віны. У паказаннях некалькіх сведкаў гаварылася аб правакацыі супраць маладафронтаўцаў. Тым не менш абодва былі асуджаныя.
racyja.eu