Сьледзтва супраць журналіста Андрэя Пачобута працягнулі да 21 лістапада

Пра тое, што сьледзтва працягнулі яшчэ на месяц, паведаміў афіцыйны прадстаўнік Сьлечага камітэту па Гарадзенскай вобласьці Сяргей Шаршаневіч.

«Мера стрыманьня ў дачыненьні да Пачобута не мянялася, ён працягвае заставацца пад падпіскай аб нявыезьдзе», — удакладніў Шаршаневіч Інтэрфаксу.

«Са мной сьледчыя дзеяньні не праводзіліся і калі я сядзеў у вязьніцы. Розьніца такая, што цяпер я пад падпіскаю аб нявыязьдзе, а тады сядзеў у камэры. Завядзеньне гэтай крымінальнай справы і яе працяг — гэта ўсё палітычныя рашэньні і мне цяжка з гэтае нагоды нешта казаць, паколькі я ня ведаю тых прычынаў з-за якіх так цягнецца гэтая справа. Я, канешне, жыву, працую, пішу, але гэта ўсё ж абмежаваньне, што я не магу нікуды паехаць. Але што рабіць, калі мы жывем у такой краіне», — заявіў Пачобут «Свабодзе».

Справа Пачобута

21 кастрычніка завяршылася папярэдняе сьледзтва ў крымінальнай справе супраць журналіста Андрэя Пачобута.

«Сьледчых дзеяньняў за гэты пэрыяд (пакуль цягнулася сьледзтва. — РС) ніхто не праводзіў, мяне нікуды не выклікалі. Я пакуль нічога ня ведаю, бо мяне ніхто ні пра што не інфармаваў», — заявіў напяэдадні «Свабодзе» Андрэй Пачобут.

Андрэя Пачобута, карэспандэнта польскай «Gazety Wyborczej», арыштавалі 21 чэрвеня.

Яго зьвінавацілі ў паклёпе на прэзыдэнта. Падставамі сталі артыкулы Пачобута на сайтах «Хартыя’97» і «Беларускі партызан».

Журналіста могуць пакараць абмежаваньнем волі на тэрмін да 5 гадоў альбо пазбаўленьнем волі на такі самы час.

Пачобута адразу пасадзілі ў сьледчы ізалятар, дзе ён прабыў да 30 чэрвеня. Пасьля яго вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Яшчэ ў СІЗА ён адмовіўся супрацоўнічаць са сьледзтвам.

5 ліпеня 2011 году суд Ленінскага раёну Горадні апраўдаў Андрэя Пачобута паводле часткі 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэксу (абраза прэзыдэнта Беларусі), але прызнаў вінаватым паводле часткі 1 артыкула 367 Крымінальнага кодэксу (паклёп на прэзыдэнта).

svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сяргей Каваленка
  • Міхаіл Марыніч