
Месяц таму на імя прэзідэнта паступілі хадайніцтвы аб памілаванні ад двух асуджаных. Пра гэта паведаміў Аляксандр Лукашэнка 23 верасня, адказваючы на пытанне БелаПАН аб тым, ці не паступалі ў апошні час на яго імя прашэнні аб памілаванні ад асуджаных за падзеі 19 снежня 2010 года.
“Не ведаю, ці звярталіся. Калі так, то звароты знаходзяцца ў камісіі па памілаванні. Мы вас абавязкова праінфармуем. Месяц таму мне казалі, што двое звярталіся”, – сказаў Лукашэнка. На ўдакладняльнае пытанне, хто менавіта звярнуўся да яго па памілаванне, кіраўнік дзяржавы адказаў, што не ведае. “Удакладнім – скажам”, – дадаў ён.
У прэс-службе прэзідэнта БелаПАН удакладнілі, што з прашэннем аб памілаванні на імя кіраўніка дзяржавы звярнуліся Сяргей Каваленка і Павел Сырамолатаў.
Варта, аднак, адзначыць, што гэтыя асуджаныя не з’яўляліся фігурантамі справы аб падзеях 19 снежня 2010 года ў Мінску. Сяргей Каваленка асуджаны па абвінавачанні ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі. Размова ідзе пра пакаранне, якое было вынесена апазіцыянеру ў маі 2010 года за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ёлцы Віцебска. Павел Сырамолатаў — адзін з анархістаў, асуджаных за спробу падпалу будынка КДБ у Бабруйску.