
Палітык даслаў чарговы ліст на волю, у якім просіць за яго не хвалявацца.
Экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, засуджаны на 6 гадоў зняволення, даслаў з Магілёўскай турмы ліст:
З ліста вынікае, што ціск на палітыка ўзмацняецца:
«Сёння ад імя начальніка атрада аб’явілі вымову па штучна прыцягнутай нагодзе. Наколькі я разумею, з улікам шклоўскага вопыту, на гэтым справа не спыніцца…»
Палітык лічыць «сапраўднай прычынай усяго гэтага — прымусіць мяне напісаць прашэнне аб памілаванні». Ён падцвярджае, што не будзе пісаць такое прашэнне.
Статкевіч піша, што накіраваў «заяву ў Магілёўскую абласную пракуратуру з нагоды гэтага спагнання, дзе таксама ўзгадваю пра сапраўдную прычыну гэтай «вымовы».
Палітык просіць, за яго не хвалявацца і жартуе «… і ў тутэйшым ШІЗА я ўжо сядзеў — нічога новага для мяне тут няма, калі нават і прыйдзецца»
***
Нагадаем, што год назад, 26 мая 2011 года, суд Ленінскага раёна сталіцы (суддзя Людміла Грачова, пракурор Антон Загароўскі) прызнаў Мікалая Статкевіча вінаватым у «арганізацыі масавых беспарадкаў» 19 снежня 2010 года і прыгаварыў яго да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі № 17, аднак 15 студзеня 2012 года быў пераведзены ў магілёўскую турму № 4.
Прычынай стала афіцыйнае прадстаўленне адміністрацыі калоніі, згодна з якім асуджаны палітык «не стаў на шлях выпраўлення», «да ўмоўна-датэрміновага вызвалення не імкнецца» і пасля адбыцця пакарання мае намер «весці злачынны лад жыцця».
Мікалай Статкевіч некалі разоў адмаўляўся пісаць на імя Лукашэнкі прашэнне аб памілаванні.
nn.by