Жонка Каваленкі не выключае, што ён зноў пачаў галадоўку

Разгляд касацыйнай скаргі прызначаны на 18 мая.

У Віцебскім следчым ізалятары Сяргею Каваленку не дазволілі спаткання з жонкай Аленай.

10 траўня Алена Каваленка спрабавала дамагчыся спаткання з мужам Сяргеем, якога трымаюць у віцебскім следчым ізалятары. Але ў абласным судзе жанчыне адмовілі. Алена падзялілася інфармацыяй ад медыкаў псіхіятрычнага шпіталя ў Навінках пра стан здароўя Сяргея на той дзень, калі яго прывезлі з Віцебска на пачатку красавіка.

«Сказалі, што ён трапіў да іх у крытычным стане. Як маглі, яны крыху падцягнулі здароўе, аднак прызнаюць, што этапавалі яго ад іх абсалютна хворым, з цэлым букетам праблем і захворванняў. І тое, што да яго не пускаюць зараз — у мяне падазрэнне: можа, ён зноў там абвясціў галадоўку?»

Алена падазрае, што яе не пусцілі да мужа, каб не стала вядома пра новую галадоўку Сяргея. Паводле Алены Каваленкі, яе муж мае падставы скардзіцца на стаўленне да яго ў ізалятары падчас першай галадоўкі.

«У мяне ёсць такое падазрэнне. Калі яго зноў змясцілі ў гэты ізалятар, дзе з яго раней здзекаваліся, дзе здымалі тое правакацыйнае відэа, то я магу яго зразумець, калі ён гэта зноў пачаў».

10 мая стала вядома, што разгляд касацыйнай скаргі актывіста Сяргея Каваленкі на ранейшы прысуд прызначаны ў Віцебскім абласным судзе на 18 мая.

svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні