Севярынец: Вызваленьня пакуль не чакаю

19 красавіка прайшла палова тэрміну, якім за Плошчу пакаралі Паўла Севярынца (3 гады «хіміі»). Цяпер сустаршыня стваранай партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі можа разьлічваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне.

«Свабода» наведала Паўла Севярынца у вёсцы Куплін Пружанскага раёну Берасьцейскай вобласьці, дзе ён адбывае пакараньне на «хіміі».

«Вызваленьня пакуль не чакаю, бо ў нас працуе не закон, а загады. Загад зараз такі — трымаць тых, хто не падпісаў прашэньне пра памілаваньне там, дзе яны ёсьць. Але, дзякуй Богу, мне значна лягчэй, чым тым, хто ў турме. Верагодна, мяне вызваляць праз месяц-паўтара. Але я настроіўся сядзець. Калі трэба, то і да званка, як кажуць», — заявіў Свабодзе Павал Севярынец.

Павал Севярынец — нарадзіўся 30 сьнежня 1976 г. у Воршы. Скончыў геаграфічны факультэт БДУ. Удзельнік і арганізатар масавых вулічных выступаў моладзі ў 1997–2004 г. Адзін з арганізатараў І Кангрэсу беларускай моладзі, абароны Курапатаў, нацыянальнай кампаніі «Беларусь у Эўропу!», перадвыбарчага блёку «Маладая Беларусь». У 1999–2003 г. намесьнік старшыні Партыі БНФ. З 1999 да 2004 г. — старшыня Маладога Фронту. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтру, ляўрэат прэміі імя Алеся Адамовіча, аўтар шэрагу кніг. Сустаршыня стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Нежанаты.

Міліцыя і КДБ затрымлівалі Севярынца больш за 40 разоў; агулам ён правёў пад арыштам больш за 7 месяцаў і атрымаў 3,5 тыс. даляраў штрафу. У 1998 годзе, калі супраць Севярынца распачалі крымінальную справу за арганізацыю вулічных беспарадкаў, правёў два месяцы ў сьледчым ізалятары на Валадарскага.

31 траўня 2005 г. Севярынец быў абвінавачаны ў арганізацыі акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004 г. Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі, з улікам амністыі тэрмін скарочаны да двух гадоў. Адбываў пакараньне ў вёсцы Малое Сітна Полацкага раёну. 22 траўня 2007 г. суд прыняў рашэньне пра ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Севярынца вязьнем сумленьня.

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў актывістам штабу кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага. Быў арыштаваны пасьля акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 20 сьнежня 2010 г. і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Абвінавачаны ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках, пазьней справу перакваліфікавалі ў арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

16 траўня 2011 г. судзьдзя Заводзкага суду Менску Жана Брысіна асудзіла Севярынца на 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу, гэтак званай «хіміі». Адбывае пакараньне ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну.

http://www.svaboda.org/

Іншыя палітычныя вязьні

  • Вадзім Лабковіч
  • Андрэй Пазьняк
  • Алег Гнедчык
  • Яна Палякова
  • Алесь Пушкін