Павел Севярынец: “Суткі” для актывістаў – таксама палітычныя рэпрэсіі

Затрыманні найбольш актыўных людзей і накіраванне іх для адбыцця пакарання на “суткі” апошнім часам стала рэпрэсіўнай нормай для ўладаў.

“Ёсць некаторыя людзі, якія ў суме год альбо паўтары гады правялі на “сутках”, – распавядае palitviazni.info былы палітвязень Павел Севярынец. – Гэта ж рэальны тэрмін зняволення! І з улікам таго, якая абстаноўка бывае ў тым жа Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна (з вошамі, ціскам і здзекамі), то, паверце, нярэдка гэта нават больш крута, чым у некаторых калоніях альбо на “хіміі”.

28 красавіка ў Мінску былі затрыманы актывісты Вольга Нікалайчык і Максім Вінярскі. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, яны былі асуджаны на 7 сутак арышту кожны.

26 красавіка Вольга Нікалайчык і Максім Вінярскі правялі пікет ля будынка Акадэміі навук. Актывісты разгарнулі плакаты з партрэтамі зняволеных Тараса Аватарава, Міхаіла Жамчужнага, Змітра Паліенкі і Святаслава Барановіча, а затым запалілі фаеры.

– Быў пэўны адрэзак часу, калі нікога на “суткі” наогул не адпраўлялі, але зараз улады аднавілі старыя традыцыі, – кажа Павел Севярынец. – Я лічу гэтых людзей “палітвязнямі на сутках”, бо яны адпраўлены за краты па палітычных перакананнях. Нават калі чалавек адпраўляецца ў ізалятар на 3 сутак, то для мяне ён – палітвязень. Можна, натуральна, падыходзіць да гэтага пытання і са сваімі крытэрамі, але для мяне ўсё відавочна.

Ёсць некаторыя людзі, якія ў суме год альбо паўтары гады правялі на “сутках”! Гэта ж рэальны тэрмін зняволення! І з улікам таго, якая абстаноўка бывае ў тым жа Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна (з вошамі, ціскам і здзекамі), то, паверце, нярэдка гэта нават больш крута, чым у некаторых калоніях альбо на “хіміі”. Гэта адназначна – палітычныя рэпрэсіі.

– Зараз суддзі нават сталі выпісваць палітычным актывістам “суткі” ў растэрміноўку, каб затым кінуць за краты ў любы час.

– Улады сталі карыстацца найноўшымі тэхналогіямі, якія сталі ўжываць каля года таму. Зараз чалавека пасля судовага выраку нават не забіраюць на Акрэсціна з суда, а прымушаюць чакаць, калі яго забяруць. А забраць могуць у любы самы нязручны момант і час. І, як паказвае практыка, могуць чакаць да некалькі месяцаў.

Гэта, натуральна, псіхалагічны ціск і здзек над людзьмі. Думаю, і праваабаронцам, і еўрапейцам самы час звярнуць увагу на гэта. Таму што рэжым удасканальвае сваю рэпрэсіўную машыну. І гэта не проста прыхамаць суддзяў, а асэнсаваная стратэгія, якая прымянілася ўжо да дзесяткаў людзей.

– Ці магчыма ў такіх выпадках даказаць сваю невінаватасць у судзе?

– Атрымліваецца такая сітуацыя, што ў судзе чалавек вымушаны патрабаваць, каб яго хутчэй даставілі за краты, і каб хутчэй адбыць тэрмін. Гэта выглядае дастаткова недарэчна, але рэжым, відаць, хоча, каб гэта было камічна. Маўляў, людзі павінны прасіць, каб ім далі пабыць за кратамі ўвесь тэрмін зняволення.

У рэальнасці ўсе гэтыя прысуды – незаконныя. Я думаю, што ў судзе трэба адстойваць такі погляд: тыя, хто ўдзельнічаюць у такім беззаконні, панясуць адказнасць. У нашай сітуацыі трэба трываць і рыхтаваць дакументы для будучых часоў, калі ўсяму гэтаму будзе дадзена нармальная прававая ацэнка.

– На ваш погляд, якая асноўная мэта такіх кропкавых рэпрэсій?

– Асноўная мэта – псіхалагічны ціск на актывістаў і іх сем’і. Нават у медыйным плане ставяць людзей у няёмкае становішча. Маўляў, а што вы зараз скажаце? Мы вас выпусцілі на волю, еўрапейцам зрабілі справаздачу, а вы далей сядзіце і чакайце, пакуль мы вас адправім за краты наступны раз.

Тут трэба таксама зразумець, што калі аднаго чалавека па тым жа прысудзе некалькі разоў забіраюць і выпускаюць, то гэта павялічвае агульны час, пакуль чалавек знаходзіцца за кратамі. Яго не даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання, возяць па райаддзелах, але ж гэта не залічваецца ў тэрмін зняволення.

Адным словам, з боку рэжыма – вядомая стратэгія. І ў гэтай сітуацыі з боку грамадскай супольнасці гэтаму трэба даваць ацэнку і патрабаваць спыніць гэтую ганебную практыку.

– Можа быць, тым еўрапалітыкам, якія апошнім часам кантактуюць з беларускімі ўладамі, трэба часцей нагадваць пра гэта прадстаўнікам афіцыйнага Мінска?

– Еўрапалітыкі ўжо не задаюць уладам нават пытанні, якія тычацца тых палітвязняў, што зараз знаходзяцца за кратамі. Таму што для большасці еўрапейскіх палітыкаў, якія сёння прыязджаюць у Мінск, згода з рэжымам важней.

Яны думаюць, што альбо абдураць беларускі рэжым, альбо змогуць адцягнуць яго ад Расіі. Але мы, якія больш за 20 гадоў назіраюць, што адбываецца насмрэч, стараемся тлумачыць заходнім палітыкам рэальную сітуацыю. Праўда, людзі рады падманцвацца. Яны лічаць, што можна заключыць здзелку, можна дамовіцца з беларускай уладай… Гісторыя іх не вучыць.

– А можа быць, вулічныя пратэсты і праўда ўжо не патрэбны сёння, бо народ такія акцыі не асабліва падтрымлівае? Можа, варта забыць такі фармат?

– На сваім вяку я ўжо пабачыў шмат прыліваў і адліваў вулічнай актыўнасці людзей, і лічу, што гэта – абсалютна сезонная рэч. То бок, можна, натуральна, сказаць, што на гэтым этапе акцыі – не вельмі эфектыўныя, але і адмаўляцца ад іх нельга.

Акцыі – гэта той інструмент, які павінен захоўвацца ў арсенале дэмакратычнай апазіцыі і быць вычышчаным да бляску. Гэта павінна быць такі інструмент, які пастаянна аказвае ціск на рэжым. І, на мой погляд, тыя, хто выходзіць на акцыі, гэта героі найноўшай гісторыі Беларусі. Ні ў якім разе нельга іх называць правакатарамі. Людзі самі разумеюць, на што яны ідуць, таму гонар ім і слава.

Ёсць людзі, якія па розных абставінах не могуць выходзіць на вуліцу, яны не могуць рызыкаваць сем’ямі, і я іх таксама разумею і не асуджаю. Для некаторых схадзіць 25 сакавіка на святочны канцэрт да Опернага тэатра – таксама подзвіг.

– Мяркуючы па ўсім, улады пакуль не збіраюцца адмаўляцца ад практыкі адпраўляць актывістаў на “суткі”.

– Не збіраюцца. Тым больш, пасля таго, што адбылося днямі ў Арменіі. Мяркую, беларуская ўлада яшчэ больш пачне заціскаць гайкі ў плане вулічных пратэстаў.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Атрошчанкаў
  • Яўген Васьковіч