Алесь Бяляцкі: Рашэнне ў “справе прафсаюзаў” будзе палітычнае

Што чакае “справу прафсаюзаў”, і чаму яна з’явілася? Пра гэта сайту palitviazni.info распавядае кіраўнік Правабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі.

“На гэтай справе ўлады могуць больш прайграць, чым выгандляваць”, – кажа суразмоўца.

Нагадаем, паводле праваабаронцаў, распачатая супраць прафсаюзных лідараў крымінальная справа палітычна матываваная, звязаная з актыўнай прафсаюзнай дзейнасцю і мірным ажыццяўленьнем права на свабоду асацыяцыяў.

Галоўны бухгалтар прафсаюза РЭП Ігар Комлік, які зараз знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага, прызнаны палітвязнем.

– Крымінальная справа ўзбуджана і ідзе сваім чынам, – кажа Алесь Бяляцкі. – Тое, што лідара прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і рэдактарку прафсаюзнага сайта пасля допытаў выпусцілі на волю, гэта яшчэ ні пра што не гаворыць, бо той жа Фядыніч застаецца падозраным у здзяйсненні “злачынства” па справе аб утойванні падатакаў.

На жаль, усе гэтыя падзеі свядома выпалі на жнівень, калі меншая ўвага грамадства. Міжнародная супольнасць зараз таксама ў адпачынках, таму час выбралі “зручны”.

Увогуле, усё гэта паказвае, што справа была спланавана і праводзіцца з мэтай абмежаваць актыўнасць і пранцыповую пазіцыю незалежных прафсаюзаў у абароне сацыльных правоў грамадзян.

– Шмат ужо казалі пра падабенства “справы прафсаюзаў” і “справы Бяляцкага”, але ў вашым выпадку пра вызваленне падчас следства нават гаворкі не ішло. А вось Генадзя Фядыніча пасля допыта адпусцілі і нават не ўзялі падпіску аб нявыяздзе…

– Усё гэта – палітычныя гульні. І тое, што Фядыніча пакінулі на волі, не азначае, што ён не можа быць зняволены літаральна ў любую хвіліну. Крымінальная справа ўзбуджана, чалавек можа апынуцца за кратамі і сёння, і заўтра, і ў любы дзень.

Але, думаю, тут яшчэ гуляе ролю вядомасць Фядыніча, як актыўнага кіраўніка незалежных прафсаюзаў. Напачатку яго затрымалі, але затым, хутчэй за ўсё, з тактычных меркаванняў адпусцілі. А, можа быць, у следства проста не хапае доказнай базы.

– Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук выказаўся з той нагоды, што пасля вашай крымінальнай справы многія так і не зрабілі правільныя высновы. Ці згодны вы з гэтым?

– Тут трэба разумець агульную сітуацыю, бо ў прынцыпе умовы працы ў Беларусі для няўрадавых арганізацый вельмі абмежаваныя ўладамі. Унутранае беларускае заканадаўства нярэдка супярэчыць міжнародным пагадненням, якія Беларусь падпісвала ў галіне свабоды дзеянняў тых самых няўрадавых арганізацыі і незалежных прафсаюзаў. Таму, як бы ты не круціўся, але, калі ўлады захацелі зрабіць такі палітычны крок, то яны яго зрабілі. І гэта можа быць у дачыненні да любых няўрадавых арганізацый і любых актывістаў, якія працуюць у грамадскім сектары.

— Адны кажуць, што гэтая крымінальная справа – помста незалежным прафсаюзам за ўдзел ў вясновых акцыях супраць дэкрэта аб “дармаедах, другія сцвярджаюць, што гэта прэвентыўны ўдар напярэдадні восеньскіх пратэстаў…

– Я думаю, што гэтыя два чыннікі трэба аб’яднаць. Прафсаюзы былі актыўныя вясной, пазіцыя Генадзя Фядыніча таксама была дастаткова бескапраміснай у дачыненні да вышэйзгаданага дэкрэта, парушэнняў сацыяльных правоў людзей. Натуральна, з улікам надыходзячай восені і таго, што дэкрэт ніхто адмяняць не збіраецца, улады прэвентыўна рыхтуюцца да верагодных масавых пратэстаў і зараз спрабуюць біць па лідарах незалежных прафсаюзаў, якія для ўлады, відаць, з’яўляюцца нейкай пагрозай.

– Якая, на ваш погляд, будзе рэакцыя з боку Захаду на чарговую палітычную справу ў Беларусі?

– Яна ў любым выпадку будзе, бо парушаны правы дзейнасці прафсаюзаў у краіне. Прафсаюз РЭП з’яўляецца часткай міжнароднага прафсаюзнага руху, таму без увагі справа не застанецца. Можа адной з прычынай таго, што Фядыніча адпусцілі на волю, якраз і з’яўляецца тое, што рэакцыя міжнароднай супольнасці магла быць вельмі вострай. Таму пакуль улады хістаюцца, што рабіць далей з гэтай крымінальнай справай.

– Якое можа быць далейшае развіццё падзей? Справу паціху “спусцяць на тармазах”, як гэта было са “справай патрыётаў” альбо раскруцяць яе напоўніцу?

– Па-першае, “справа патрыётаў” пакуль не закрытая і ніхто не можа сказаць, што з ёй будзе далей. Вельмі верагодна, што яна дойдзе да суда. А “справа прафсаюзаў”, на мой погляд, калі ўжо пачалася, то таксама проста так не знікне. І людзі могуць нават атрымаць рэальныя тэрміны, бо артыкул аб нясплаце падаткаў дастаткова сур’ёзны – ён прадугледжвае да 7 гадоў зняволення, хаця ёсць розныя пакаранні – і ўмоўнае пакаранне, і штраф.  Варыянтаў шмат. Улічваючы, што гэта палітычны працэс, то і рашэнне па гэтай справе будзе палітычным.

– Гэта пытанне гандлю?

– На гэтай справе можна больш прайграць, чым выгандляваць, бо сітуацыя адназначна негатыўна будзе ўспрынята міжнароднай супольнасцю.

palitviazni.info

Фота: Сяргей Грыц

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні