Галіна Сіўчык: Я была супраць, каб сын аб’яўляў галадоўку

Апазіцыйны палітык Вячаслаў Сіўчык, адзін з лідараў руху салідарнасці “Разам”, арыштаваны на 15 сутак за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, якая прайшла 1 мая ў цэнтры Мінска, абвясціў галадоўку.

“Разумею, што сваім пратэстам сын не паўплывае на сістэму, але такі ўжо ў яго прынцыповы характар”, – распавядае сайту palitviazni.info маці актывіста, Галіна Васільеўна Сіўчык.

“Вячаслаў больш за 7 гадоў не быў у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна, а зараз, калі патрапіў туды, проста жахнуўся, – кажа Галіна Сіўчык. – З яго слоў, нягледзячы на тое, што быццам бы ў будынку зроблены капітальны рамонт, умовы ўтрымання невыносныя. Асабліва ў дачыненні да тых людзей, чые справы палітычна матываваныя. Таму галадоўку сын вырашыў аб’явіць нават не з-за несправядлівага рашэння суда, а менавіта супраць бесчалавечных умоў утрымання ў ізалятары. Нават асуджаны чалавек – гэта не жывёла, каб з ім так абыходзіліся”.

На такую карйнюю меру, як галадоўка, ішлі многія палітзняволеныя, але Галіна Сіўчык кажа, што гэта “не выхад са становішча”.

“Вячаслаў будзе галадаць усе 15 сутак, якія яму прысудзілі, — дадае Галіна Васільеўна. – Таму перадаваць нейкія прадукты не мае сэнсу. Можа быць, калі яму зменяць умовы ўтрымання, то і галадоўку сын спыніць, але наўрад ці дачакаешся ад гэтай улады справядлівасці. Увогуле, я была супраць, каб ён ішоў на такую крайнюю меру, але ведаю яго прынцыповы характар. Ён не гуляецца ў галадоўкі, а калі ўжо вырашыў нешта рабіць, то ідзе да канца. А здароўе ж гэта не дадае. Варта ўспомніць, што ў свой час, яшчэ ў 90-я, пасля галадоўкі сын трапіў у рэанімацыю. Пасля гэтага на яго не было магчыма глядзець, быў як шкілет. Таму, як маці, я шкадую сына, але ў той жа час разумею, што гэта яго прынцыповы выбар”.

palitviazni.info

 

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алесь Кіркевіч
  • Яраслаў Грышчэня
  • Валеры Шчукін