Артур Фінькевіч: Працую ў сферы нерухомасці

artur_finjkievic У інтэрвью сайту palitviazni.info былы палітзняволены, лідар незарэгістраванага ў Беларусі руху “Маладая Беларусь” распавёў пра свой шлях у палітыцы, узгадаў часы, калі знаходзіўся за кратамі, дзе яго спрабавалі схіліць да супрацоўніцтва службісты з КДБ, і абгрунтаваў, чаму апазіцыі неабходна ўдзельнічаць у бліжэйшай парламенцкай кампаніі.

Што прымусіла мяне заняцца палітыкай? – пачынае Артур Фінькевіч. – Тут трэба успомніць дзяцінства… Калі мне было шэсць гадоў, і Савецкі Саюз ужо разыходзіўся па швах, бацька прынёс дадому бел-чырвона-белы сцяг. “Вось, сынок, гэта наша нацыяльная святыня”, – сказаў ён тады. Гэтыя словы мне моцна ўрэзаліся ў памяць, я іх помню да гэтага часу, і, напэўна, буду помніць усё жыццё. Хаця няправільна будзе казаць, што я, шасцігадовы хлапчук, марыў займацца палітыкай. Але другі мой успамін з дзяцінства звязаны з тым, як на рэферэндуме беларусы адмовіліся ад бел-чырвона-белага сцяга, а ў краіну вярнуліся савецкія сімвалы. У той час я, 10- гадовы хлапчук, ніяк не мог усвядоміць, як сталася, што людзі добраахвотна адмаўляюцца ад сваіх нацыянальных сімвалаў. Усё гэта мела на мяне ўплыў, і з часам я патрапіў у “Малады Фронт”. Прыйшоў у арганізацыю яшчэ непаўнагадовым – мне было 16 гадоў…”

– Усведамлялі, што гэта можа быць небяспечна? Гатовы былі рызыкаваць свабодай?

– Пра санкцыі і рэпрэсіі, натуральна, я здагадваўся. Але не баяўся. Дарэчы, першы раз мяне затрымалі літаральна праз месяц-паўтара пасля таго, як я прыйшоў у “Малады Фронт”. Затрымалі за ўдзел у акцыі “МАЗ –беларускі”, якую мы ладзілі ля прахадной завода. Калі памятаеце, пэўны час хадзілі чуткі, што Мінскі аўтамабільны завод можа быць прададзены нейкаму расійскаму алігарху, дык вось супраць гэтага мы і выступалі. Першае затрыманне скончылася штрафам, і штрафавалі, дарэчы, да той пары, пакуль мне не споўнілася 18 гадоў. А праз шэсць дзён пасля таго, як стаў паўнагадовым, я першы раз трапіў на суткі.

– Зараз мала хто пра гэта ўзгадвае, але з 2003 па 2005 гады вы былі адным з ініцыятараў стварэння незалежнага прафсаюза беларускіх студэнтаў. Чаму тая ініцытыва захлынулася?

– З нашага боку ўсё было зроблена па законе. У арганізацыю былі гатовы ўступіць больш за 500 студэнтаў з 17 навучальных устаноў Беларусі. Вялікую падтрымку нам тады аказаў адзін з лідараў прафсаюзнага руху Беларусі Аляксандр Ярашук. І ўсё б нічога, каб у працэс не ўмяшаліся ўлады. На актывістаў і магчымых сябраў гэтага студэнцкага прафсаюза аказваўся ціск. Асабліва гэта адчувалася ў рэгіёнах, людзей прымушалі адклікаць свае подпісы, каб не было законных падстаў для рэгістрацыі арганізацыі. У рэшце рэшт, улады свайго дабіліся. Хаця студэнцкі прафсаюз першапачаткова не ставіў перад сабой ніякіх палітычных мэтаў. Для мяне нерэгістрацыя гэтага прафсаюза ў чарговы раз засведчыла простую ісціну: дзеючая беларуская ўлада баіцца аб’яднання людзей, баіцца кансалідацыі і не будзе рэгістраваць любую ініцыятыву, якая можа займець альтэрнатыўны ад праўладнага голас.

– За спробу гаварыць “альтэрнатыўным голасам” у 2006-м вы апынуліся за кратамі…

– Так, напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі 2006-га “Малады фронт” праводзіў кампанію “Дастаў!”. Мы малявалі графіці на будынках і платах беларускай сталіцы.

– Вам не падаецца зараз гэта нейкім дзяцінствам – размалёўваць будынкі палітычнымі патрабаваннямі?

– У той момант мне так не падавалася, зрэшты, як і зараз. Надпіс на сцяне дома ці плота – гэта, бадай, на той момант быў адзіны спосаб данесці людзям тое, што нехта мае адрозную ад афіцыйнай пазіцыю. Так было тады, так застаецца зараз. У Беларусі няма сапраўднага тэлебачання, дзе б дыскутавалі прадстаўнікі розных поглядаў. Апазіцыйныя палітыкі і актывісты не маюць доступа да старонак дзяржаўных друкаваных СМІ. Няма плюралізма меркаванняў. Мы жывем у краіне, дзе правільным заўсёды з’яўляецца толькі адно меркаванне – уладнае. Таму палітычныя графіці – ледзьве не адзінае выйсце данесці альтэрнатыўны погляд на рэчы. Зараз, вядома, ёсць інтэрнэт, але 10 гадоў таму ён не быў так развіты, як цяпер.

За тыя графіці мне не сорамна і зараз. Хоць і атрымаў я за іх два гады абмежавання волі, а да суда мяне трымалі ў СІЗА на Валадарскага.

– На вызваленне спадзяванняў тады не было?

– Не, я ні на што не спадзяваўся, ведаў, што не выпусцяць, бо які сэнс было трымаць мяне на “валадарцы”? Таму далі мне два гады абмежавання волі, накіравалі адбываць пакаранне ў магілёўскую спецкамендатуру № 43. Умовы ўтрымання? Ведаеце, на маю, думку, гэтая магілёўская спецкамендатура – адна з самых жорсткіх у Беларусі. Больш жорсткія ўмовы толькі ў Крычаве. Дык вось у Крычаве на “хіміі” усе вымушаны працаваць на гумавым заводзе – гэта, як вы разумееце, шкодная вытворчасць. Гума асядае ў лёгкіх, людзі выходзяць адтуль хворымі на сухоты.

Мяне ўтрымлівалі ва ўмовах, якія таксама далёкія ад санаторных. Праца заключалася ў цяганні бардзюрнай пліткі – задаволенне, я вам скажу, не з прыемных, таму некалькі разоў трапляў у “бальнічку”. У той жа час адчуваў, што кіраўніцтва спецустановы да мяне не “роўна дыхае”.

– Маеце на ўвазе, вам наўмысна хацелі “накінуць” тэрмін за парушэнне рэжыму?

– Так, і перадгісторыя ў гэтага была такая. Да мяне неяк прыехаў высокі чын з Магілёўскага КДБ з яснай, як белы дзень прапановай: не здасі актывістаў (ён назваў некалькі прозвішчаў) – будзеш сядзець. Я папрасіў у яго суткі на роздум, папярэдзіў тых, кім ён цікавіўся і адмовіўся ад супрацоўніцтва. За гэта мяне пачалі цкаваць. Парушэнні, якія пацягнулі на маю другую справу, былі такімі: спазніўся на 13 хвілін альбо выйшаў у абед у краму за прадуктамі замест таго, каб знаходзіцца на працоўным месцы. Пасля таго, як парушэнняў назапасілася дастаткова, справу перадалі ў суд. І гэта быў ужо разгляд крымінальнай справы – за “ухіленне ад адбыцця пакарання”. Далі мне паўтары гады калоніі агульнага рэжыма. Прысуд быў агучаны напрыканцы снежня 2007 га, а ў лютым 2008-га я апынуўся на свабодзе.

– І адразу ж узяліся за стварэнне “Маладой Беларусі”?

– Сітуацыя ў “Маладым фронце” у 2008-м годзе склалася такая, што ўнутры арганізацыі былі пэўныя супярэчнасці. Калі не паглыбляцца ў падрабязнасці, то ўзнікла некалькі варыянтаў яе далейшага развіцця. Камусьці ў “Маладым фронце” стала цесна, таму мы і вырашылі стварыць “Маладую Беларусь”. Без увагі спецслужбаў гэта, безумоўна, таксама не засталося. Я ніколі не забуду, як аднойчы мяне на вуліцы схапілі невядомыя і вывезлі ў лес. Збілі, звязалі рукі, забралі тэлефон і папярэдзілі: “Будзеш высоўваццаў – наступны раз заб’ем”. Ачуняў, выйшаў на трасу, зразумеў, што знаходжуся недзе ў Валожынскім раёне. Вярнуўся аўтастопам у Мінск, напісаў заяву. Пры гэтым у міліцыі ў мой аповед не паверылі, а спачатку павялі на “дэтэктар хлусні”. І толькі, калі апарат паказаў, што я не хлушу, завялі справу. Нікога, натуральна, не знайшлі. Знайшлася толькі сім-карта ад тэлефона, якую ў свой апарат уставіў жыхар Валожаншчыны.

Было і яшчэ некалькі выпадкаў, звязаных з маім збіццём. Аднойчы, напярэдадні з’езду “Маладой Беларусі”, невядомыя збілі мяне акурат у цэнтры Мінска. Дагналі, прыснулі нечым у твар, адабралі ноутбук. І ўсё гэта адбывалася на вачах маладых маці, якія гулялі з дзецьмі, іншых мінакоў. Для мяне было зразумела, што ўлада ставіць на мэце запалохаць мяне, каб я адмовіўся ад палітычнай дзейнасці.

– Вы адмовіліся? Нешта пра акцыі “Маладой Беларусі” не чуваць…

– Не адмовіліся. У 2010-м мы збіралі подпісы у падтрымку Алеся Міхалевіча, у 2015-м асабіста я быў даверанай асобай Анатоля Лябедзькі на прэзідэнцкіх выбарах. У гэтым годзе збіраюся браць удзел у парламенцкай кампаніі.

Хаця не буду хаваць, палітыкі ў маім жыцці стала менш. У мяне ёсць непалітычны занятак – зараз я працую ў сферы нерухомасці.

– На ваш погляд, ці ёсць сэнс удзелу у парламенцкіх выбарах-2016?

– Калі сыходзіць з канчатковага выніку – няма, бо я добра разумею, што нават набраўшы 100% галасоў выбаршчыкаў у сваёй акрузе, ніхто мяне ў парламент не пусціць. А вось ісці і размаўляць з людзьмі,выкарыстоўваючы магчымасць, якую дае выбарчае заканадаўства, – трэба. Гэта да пытання, што лепш – графіці маляваць ці афіцыйна камунікаваць з выбаршчыкамі. Я такой магчымасцю паспрабую скарыстацца.

– Значыць вера, што ў Беларусі можна нешта змяніць, вас не пакінула дагэтуль?

– Так. Сітуацыя абавязкова зменіцца. І не толькі праз Плошчу. Дзеючая ўлад сама створыць умовы для змены самой сабе. Узровень жыцця пагаршаецца, а цярпенне беларусаў – не бяздоннае.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Настасься Азарка
  • Вінцук Вячорка
  • Cяргей Антончык
  • Уладзімер Кобец
  • Уладзімер Лыско