Хованкі з уладай

2

Чэмпіянат сьвету па хакеі завершыўся. Зубр Валера адправіўся ў Белавежскую пушчу, замежнікі пакуюць валізкі, “зборная Акрэсьціна” паволі разыходзіцца па дамах, а са сваіх нор пачалі выпаўзаць тыя актывісты, хто жадаў пазьбегнуць прэвэнтатыўных арыштаў. Palitviazni.info даведаліся, як жылося ў часе хакейнага “сьвята” тым, каму пашэнціла не спазнаць долю закладнікаў чэмпіянату.

Зьміцер Кавалгін, Павал Вінаградаў, Артур Фінькевіч у адзін голас заяўляюць: першае, што прыходзіць да галавы, калі чуюць выраз “чэмпіянат сьвету па хакеі” − гэта прэвэнтатыўныя затрыманьні дзясяткаў сяброў і знаёмых. Так, каманда Беларусі трапіла ў чвэрцьфінал чэмпіянату, так, Менск на два тыдні стаў падобным да эўрапейскага гораду зь вялікай колькасьцю турыстаў, але чэмпіянат ня мусіць каштаваць так дорага. І тут маюцца на ўвазе далёка не грашовыя выдаткі.

Калі “хакейнае сьвята” вінаватае ў гэтым артыкуле, не пашкадуйма камплімэнтаў на адрас нашых актывістаў і прысудзім ім вышэйшыя ступені на п’едыстале вынаходлівасьці ды няўлоўнасьці.

Рэйтынг шчасьліўчыкаў адкрывае… Павал Вінаградаў. Рэкардсмэн адсідак гэтым разам ня проста пазьбегнуў Акрэсьціна, а здолеў атрымаць месячны адпачынак! Праўда, за гэта прыйшлося расплочвацца працягам прэвэнтатыўнага нагляду на паўгады, але лідэр Zмены не маркоціцца, і заразьліва сьмяецца, распавядаючы сваю гісторыю:

Ідучы адзначацца ў крымінальную-выканаўчую інспэкцыю, я адчуваў, што зараз пачну лаяцца матам і сяду. Праўда, інспэктар агучыў больш заманлівую прапанову:  або пабыўка на Акрэсьціна, або напісаньне заявы з просьбай зьехаць зь Менска да 3 чэрвеня. Я падумаў, што тусавацца ў Беразіно круцей, чым на Акрэсьціна, і выбраў адпачынак. У Беразіно жывуць мае бацька і бабуля. Вельмі рады, што так атрымалася, тут прыкольна: басэйн, лазьня, ніякай менскай мітусьні.

Актывіст моладзевай арганізацыі АГП “Маладыя дэмакраты” аказаўся самым кемлівым. Зьміцер Кавалгін, згодна парады праваабаронцаў, узяў “5-цідзённы адпачынак за ўласны кошт”. Актывіст зьехаў за горад, сеяў бульбу, рабіў іншыя карысныя справы, а калі праз 5 дзён вярнуўся, улады яго больш не турбавалі. Кавалгін не забываецца на тых калегаў, якім прыйшлося нашмат горай:

Я ведаю хлопцаў, якія мелі неадсіджаныя суткі, таму іх шукалі ня толькі перад, але цягам усяго чэмпіяната сьвету па хакеі. Такая сытуацыя адбылася з Антонам Жылко, ён дагэтуль скрываецца.

Зьміцер лічыць, што небывалая актыўнасьць уладаў перад ЧС па хакеі прымушае задумацца аб акцыях пратэсту нават тых, хто раней іх не плянаваў.

Міліцыя і КДБ – непаваротлівыя структуры пэнсіянэраў, а ў мабільных маладых патрыётаў фантазія працуе лепш. Усе разумеюць – усіх не перасаджаюць!

Тытул няўлоўнага Джо атрымаў лідэр “Маладой Беларусі” Артур Фінькевіч. Цікаўнасьць міліцыянтаў да асобы Артура не суціхала цягам усяго чэмпіянату – “пасьлі пад па’ездам рэгулярна”, нават за 2 дні да канца спаборніцтваў да яго зноў прыходзілі да хаты. Як дасьведчаны апазыцыянэр, Артур Фінькевіч ня выдаў нам месцаў сваіх хованак, але заўважыў, што мець шмат сяброў – добра, і што працаваць яму цяпер прыходзіцца адмыслова пазьней, каб нікому не ствараць нязручнасцяў.

Нагадаем, у часе ЧС па хакеі актыўнае “паляваньне” вялося на прадстаўнікоў іншых партый і грамадзкіх рухаў. Супрацоўнікі міліцыі шукалі Марыну Хоміч, Ягора Віняцкага, Івана Шыла і Ільлю Шыла, таксама спэцслужбы цікавіліся Франакам Вячоркам і іншымі асобамі.

Фота – nn.by

Іншыя палітычныя вязьні