Былую палітзьняволеную Кацярыну Садоўскую зноў вінавацяць у абразе Лукашэнкі

Сьледчы камітэт паведаміў пра крымінальную справу за абразу Лукашэнкі. Яе распачалі ў адносінах 68-гадовай Кацярыны Садоўскай. Жанчыне пагражае 3 гады зьняволеньня. У 2006 годзе яна ўжо была асуджаная за абразу кіраўніка Беларусі.

Крымінальную справу па артыкуле “абраза Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, зьдзейсьненая асобай, раней асуджанай за аналягічнае злачынства” расьсьледуе Савецкі (горада Менска) раённы аддзел Сьледчага камітэта. Паведамляецца, што “падставай для распачацьця крымінальнае справы сталі матэрыялы праверкі па факце зробленага запісу ў Кнізе заўваг і прапановаў суда Савецкага раёна Менска, які ўтрымлівае словы і выразы, якія абражаюць службовую асобу”. Падкрэсліваецца, што пры прыняцьці рашэньня аб распачацьці крымінальнае справы ацэньваўся ўвесь пакінуты ў кнізе запіс, а ня нейкая асобная фраза.

Нагадаем, Садоўская зрабіла запіс у красавіку сёлета, калі ішлі прэвэнтыўныя затрыманьні актывістаў перад чэмпіянатам сьвету па хакеі: “Да якога часу будуць выконваць злачынныя загады псыхічна хворага грамадзяніна Лукашэнкі?”.

Сьледчы камітэт адзначае, што канчатковая правая ацэнка дзеяньням падазраванай будзе дадзеная пасьля ўсебаковага дасьледаваньня абставінаў і правядзеньня экспэртыз.

Паводле Эўрарадыё, фота – svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Іван Шыла
  • Вадзім Лабковіч
  • Зьміцер Хведарук
  • Юры Казак