Кацярына Садоўская: Я патрабавала псыхіятрычнай экспэртызы Лукашэнкі

Мы завіталі ў госьці да праваабаронцы і былой палітзьняволенай Кацярыны Садоўскай, каб пачуць гісторыю яе перасьледу. Як аказалася, гэтая тэма размовы Кацярыну Пятроўну не асабліва цікавіла. І зусім не таму, што цяжка і балюча ўзгадваць. Кацярыне Садоўскай, якая надзелена пачуцьцём вострай несправядчлівасьці, праблемы іншых людзей падаюцца больш важнымі за свае ўласныя, свой перасьлед разглядаецца як пройдзены этап і ўзгадваецца без дэталяў.

Цягам нашай гутаркі мабільны праваабаронцы ўвесь час патрабуе ўвагі, тэлефануюць з просьбай аб дапамозе. Кацярына Пятроўна рашуча адказвае: “Не хвалюйцеся! Сустрэнемся, абмяркуем, я знайду вам добрых адвакатаў”. Архівы праваабаронцы поўняцца рознымі справамі (забойствы ў арміі, незаконнае прысвойваньне жыльля, псыхрэпрэсіі), а ў ёйнай кватэры цяпер жыве былы палітвязень Аляксандар Францкевіч. “Да мяне яшчэ Аляксандар Малчанаў прасіўся з жонкай, ‑ расказвае праваабаронца. ‑ На жаль, прыйшлося адмовіць, быў бы адзін, а так ‑ месца няма”.

Кантакты Кацярыны Садоўскай несправядліва пакрыўджаныя перадаюць з рук у рукі. Нават адбываючы пакараньне ў Гомельскай жаночай калёніі яна здолела знайсці тых, каму дагэтуль дапамагае. Спадарыня Садоўская ўсім, хто таміцца за кратамі па несправядлівых прысудах і сфабрыкаваных справах дасылае свае промні падтрымкі, гледзячы на яе пачынаеш верыць: астрогі будуць зруйнаваныя.

Праваабарончая дзейнасьць

«Праваабарончай дзейнасьцю я займаюся даўно. Пачалося ўсё з расьсяленьня інтэрната, дзе я раней жыла. Пісала ў газэты і паўсюль. У 1969 годзе мяне нават на ўлік у КДБ паставілі, бо “саветчыну распускала”. У 1993 годзе я стала на абарону сына, у яго патрабавалі хабар за службовую кватэру, а ў 1996 атрымала пасаду старшыні камітэта па правах чалавека ў Партыі здаровага сэнсу. Дзякуючы гэтаму камітэту, удалося вызваліць паэта Славаміра Адамовіча».

Пазьней Садоўская працавала ў Беларускай лізе правоў чалавека, Беларускай асацыяцыі правоў чалавека і Міжнароднай асацыяцыі правоў чалавека, зарэгістраванай у ЗША. На дадзены момант Кацярына Садоўская прэзыдэнтам беларускай філіі Пскоўскага рэгіянальнага грамадскага руху “Веча”.

Адукацыя

«Я ‑ юрыст-практык, больш за 5 гадоў адпрацавала ў таварыскім судзе пад кіраўніцтвам дасьведчаных юрыстаў. А ў той час, калі я “ваявала” зь інтэрнатам за расьсяленьне, набыла юрыдычны даведнік для насельніцтва і па ім усе пытаньні вырашала».

Крымінальная справа за абразу судзьдзі і прэзыдэнта

«У 2005 годзе супраць мяне ўзбудзілі крымінальную справу, абвінавацілі ў зьнявазе судзьдзі, пазьней ‑ у зьнявазе кіраўніка дзяржавы. Я патрабавала псыхіятрычнай экспэртызы Аляксандра Лукашэнкі і ў той час актыўна распаўсюджвала артыкул доктара Шчыгельскага, які апісаў дыягназ Лукашэнкі.

З прычыны маёй хваробы крыміналку часова прыпынілі, але неўзабаве сьледчыя дзеяньні зноў разгарнуліся. Спачатку кэдэбэшнікі адвезьлі мяне ў 5-ую лякарню, а калі ім не спадабалася заключэньне лекара, транспартавалі ў псыхіятрычны шпіталь у Навінках».

Навінкі

«У Навінках псыхіятар, зразумеўшы, што да чаго, параіў мне застацца на абсьледваньне, каб хоць мець магчымасьць камунікаваць з роднымі. Праўда, празь некаторы час следчы сп. Гадун напляваў на ўсе законы і забараніў сустрэчы з сям’ёй. Прыйшлося запіскі праз вокны шпурляць.

Згодна міжнародным законам псыхіятар ня мае права абсьледваць хворага на цукровы дыябет. Лекары пастаянна парушаюць гэта правіла, але мне пашчасьціла ‑ доктар не пераступіў закон. Цягам месяца мне зрабілі 2 псыхалягічныя экспэртызы, але вар’яткай не прызналі».

Пасьля апошняй экспэртызы супрацоўнікі КДБ перавезьлі Садоўскую ў сьледчы ізалятар, што на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Валадарка

«Я сядзела ў камэры, дзе некалі трымалі былую кіраўніцу справамі прэзыдэнта Беларусі Галіну Жураўкову, гэтая камэра ‑ самая лепшая, нас там было шасьцёра. Усе мы, падсьледныя, жылі дружна, я ўсім дапамагала па іхніх справах, падказвала. Адміністрацыя СІЗА на мяне ніякага ціску не аказвала, турэмшчыкі ставіліся з павагай. Я ж не злачынца, а яны ‑ не сьляпыя, бачаць, што робіцца ў краіне.

На Валадарцы я правяла месяц. Мы тут зь Зьмітром Дашкевічам “коней ганялі” ‑ запіскамі перапісваліся. У той час там яшчэ Аляксандар Казулін сядзеў, але да яго я дабрацца не змагла. (сьмяецца)

Была магчымасьць трапіць пад амністыю, але ўлады не здагадаліся спыніць справу, каб пазьбегнуць розгаласу. Прысудзілі мне 2 гады зьняволеньня.

Калі б Лукашэнка быў разумны, ён бы зразумеў, што будзе вялікая шуміха, калі 60-цігадовую жанчыну пасадзіць за краты. Я ўдзячная яму за гэтую справу. Ён зрабіў мяне знакамітай на ўвесь сьвет. Я ‑ прызнаны вязень сумленьня, мяне ўсе прызнаюць, а яго ўсе клююць».

Гомельская жаночая калёнія

«У Гомлі я адбывала пакараньне ў атрадзе пэнсіянэраў і “мамачак”, гэта значыць, жанчын, якія былі ў дэкрэце і не працавалі. Зьняволеныя ставіліся да мяне добра, асабліва каля мяне моладзь круцілася. Пад маім крылом былі самыя маладыя і ўпершыню зьняволеныя».

Кацярына Садоўская і ў калёніі працягвала працу праваабаронцы. Калі ў вязьняў з адміністрацыяй здараліся канфлікты, яна разьбіралася. Усе ішлі да яе па дапамогу, зь ёй свае пытаньні вырашалі. У пэўны час Садоўскай нават забаранілі пісаць і дапамагаць складаць скаргі, бо ў адміністрацыі меліся для гэтай справы “спэцыяльна навучаныя людзі”.

«Зь лекамі ў турме праблемаў не было, прыходзілі і рабілі ін’екцыі інсуліна. Праўда, у адзін час без рэцэпта лекара замянілі мне прэпарат, і пачаўся дэрматыт.

Адміністрацыя турмы спэцыяльна для мяне завяла журнал уліку ўваходнай і выходнай карэспандэнцыі, усё фіксавалі. Турэмшчыкі злаваліся, што мне на розных мовах лісты прыходзілі, прасілі, каб на рускай пісалі, бо перакладчыкаў не было.

А пісалі мне сапраўды багата. Мне нават не ўсе лісты аддавалі. Перад Новым годам паштальён прынесла 60 паштовак і сказала, што гэта яшчэ не ўсе, дзесьці яшчэ 3 кіляграмы ляжыць. Я чакала-чакала, але тую пошту, на жаль, так і не аддалі. Мае паштоўкі і “Народная воля” для ўсяго атрада былі прадушынай. Расхоплівалі і чыталі. Я да прэсы апошняй дабіралася».

Пасьля вызваленьня Кацярыны Пятроўны сукамерніцам забаранілі зь ёй перапісвацца, зьняволеных прымушалі за свае грошы яе лісты назад адпраўляць, таму, каб не падвяргаць іх такому ціску, зь некаторымі жанчынама спыніла перапіску.

Умоўна-датэрміновае вызваленьне

«Звычайна пасьля камісіі 2 тыдні на афармленьне дакумэнтаў даецца, а мяне вызвалілі на наступны дзень. Выпусьцілі не правяраючы рэчаў, абы хутчэй пазбавіцца. Усяго я адседзела 10 месяцаў, месяц знаходжаньня ў Навінках мне не залічылі».

Сям’я і падтрымка

«Муж мяне заўсёды падтрымліваў. Мы заўжды зь ім разам на мітынгі хадзілі, і на акцыі, у нас абодвух дзядулі былі рэпрэсаваныя ў 1937-м. А сын зь мяне сьмяецца, называе “апартуністкай” і “апызыцыяй”. Але, безумоўна, хвалюецца і просіць, каб лішні раз “ня лезла”. Я адказваю: не хвалюйся, я цяпер дасьведчаная і ўзброеная да зубоў, а калі ўзброеная ‑ значыць небясьпечная».

Іншыя палітычныя вязьні