Правакацыі супраць Статкевіча працягваюцца

У суботу, 24 жніўня, палітвязень Мікалай Статкевіч патэлефанаваў родным з турмы.

«Гэта быў планавы, адзіны за месяц званок, якога я чакала з пачатку жніўня. Бо з мінулага званка прайшло больш, чым 1,5 месяца, – распавяла жонка палітвязня Марына Адамовіч. – Пасля таго, як стала вядома пра стан здароўя Мікалая ў сярэдзіне месяца, адсутнасць званка вельмі напружвала… Але ён бадзёры, упэўнены ў сабе, на здароўе цяпер не скардзіцца.

Пачаў паціху атрымліваць віншаванні да дня нараджэння. Мікалай прасіў падзякаваць усім, хто яго павіншаваў, перадаць, што, нават калі лісты да яго і не патрапілі, то ён ведае, што было ў гэтых лістах, і вельмі ўдзячны тым, хто імкнуўся яго падтрымаць».

Таксама Мікалай Статкевіч паведаміў, што на мінулым тыдні зноў пачаліся спробы ціску на яго. Ён не выключае, што яго спрабуюць справакаваць на нейкія дзеянні, каб «навесіць» чарговае спагнанне.

Раней, у адказ на падобныя спробы, Статкевіч прапанаваў адміністрацыі калоніі не траціць сілы на выдумку розных «парушэнняў», а адразу накіроўваць яго ў карцэр.

statkevich.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алесь Пушкін
  • Аляксандар Баразенка
  • Арцём Дубскі
  • Мікалай Дзядок
  • Яўген Васьковіч