FIDH патрабуе адмяніць прысуд Гайдукову

Прысуд Андрэю Гайдукову насіў палітычна матываваны характар, заяўляе міжнародная арганізацыя.

Аб гэтым гаворыцца ў заяве праваабарончай арганізацыі.

Міжнародная федэрацыя за правы чалавека патрабуе перагледзець прысуд у дачыненні да Андрэя Гайдукова, якога асудзілі на паўтары гады калоніі, у адпаведнасці з законам, Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі нормамі, якія тычацца права на абарону і на справядлівы і празрысты судовы разбор.

У заяве падкрэсліваецца, што судовы працэс насіў палітычна матываваны характар, суправаджаўся працэсуальнымі парушэннямі.

Злачынства, у якім абвінавацілі Гайдукова, не ўваходзіць у катэгорыю грамадска небяспечных, а таксама не тлумачыць неабходнасць правядзення суда за зачыненымі дзвярыма, мяркуюць у FIDH.

Нагадаем, разгляд справы актывіста з Наваполацка Андрэя Гайдукова праходзіў у закрытым рэжыме. 23-гадовага рабочага завода «Нафтан» першапачаткова абвінавачвалі паводле двух артыкулаў: частцы 1 артыкула 14 – «Замах на злачынства» і частцы 1 артыкула 356 – «Здрада дзяржаве».

У выніку суд прысудзіў актывіста да 1,5 гадоў калоніі.

Паводле афіцыйнага паведамлення прэс-службы КДБ, Андрэя Гайдукова затрымалі ў Віцебску «падчас закладкі тайніка са звесткамі, якія могуць цікавіць замежныя спецслужбы».

Родныя і сябры не вераць у тое, што Гайдукоў мог займацца шпіянажам, яны тлумачаць ціск з боку КДБ апазіцыйнымі поглядамі хлопца і яго імкненнем стварыць у Наваполацку міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Саюз маладых інтэлектуалаў».

charter97.org

Іншыя палітычныя вязьні