ПА АБСЕ заклікала Беларусь вызваліць і апраўдаць усіх палітычных зняволеных

Парламенцкая асамблея АБСЕ заклікала Беларусь неадкладна і безумоўна вызваліць і апраўдаць усіх палітычных зняволеных, уключаючы ўмоўна асуджаных і абмежаваных ў свабодзе перамяшчэння асоб, а таксама забяспечыць іх поўнае аднаўленне ў грамадзянскіх і палітычных правах.

Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі аб сітуацыі ў Беларусі, прынятай 2 ліпеня на пасяджэнні камітэта ПА АБСЕ па дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаннях, перадае БелаПАН.

Парламенцкая асамблея АБСЕ зноў заклікала ўрад дазволіць прадстаўнікам ПА наведаць палітвязняў, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах.

У рэзалюцыі асуджаецца абыходжанне з палітвязнямі, якія ўтрымліваюцца ў турмах па палітычна матываваных абвінавачаннях і ў многіх выпадках пазбаўленыя права на рэгулярныя сустрэчы з адвакатамі і сваякамі, а таксама іншае прыніжаючае годнасць абыходжанне, раўнасільнае катаванням.

Парламенцкая асамблея АБСЕ заклікае беларускае кіраўніцтва адмяніць любыя абмежаванні на перамяшчэнне ўмоўна асуджаных палітвязняў, уключаючы жонку экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Ірыну Халіп і былога кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева.

Дакумент таксама змяшчае заклік да афіцыйнага Мінска аднавіць ліцэнзіі адвакатаў, якія былі пазбаўленыя іх ці вымушаныя пад ціскам выйсці ў адстаўку за абарону прадстаўнікоў апазіцыі і грамадскіх актывістаў.

Аўтары рэзалюцыі заклікаюць улады спыніць ціск і пераслед прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, у прыватнасці моладзевых арганізацый і рухаў, прафсаюзаў, незалежных СМІ і праваабаронцаў.

Ураду прапанавана «разгледзець магчымасць правядзення істотных заканадаўчых рэформ з мэтай прывядзення законаў краіны ў адпаведнасць з еўрапейскімі стандартамі, уключаючы ліквідацыю няроўнасці ў размеркаванні ўладных паўнамоцтваў на карысць выканаўчай улады ў адпаведнасці з Канстытуцыяй краіны 1996 года, надаючы пры гэтым асаблівую ўвагу памяншэнню залежнасці судовай сістэмы ад органаў выканаўчай улады».

Парламенцкая асамблея АБСЕ таксама заклікае адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі).

У рэзалюцыі выказанае шкадаванне з нагоды абмежаванага супрацоўніцтва ўрада Беларусі з многімі інстытутамі АБСЕ, а таксама з рабочай групай ПА АБСЕ па Беларусі, якая не атрымлівала запрашэнняў наведаць краіну.

Як адзначаецца ў дакуменце, парушэнні правоў чалавека ў Беларусі «па-ранейшаму носяць сістэмны і эндэмічны характар, пра што наглядна сведчыць цэнтралізацыя заканадаўчай і выканаўчай улады ў руках прэзідэнта, чые ўказы з’яўляюцца асноўным заканадаўчым механізмам у краіне, што падрывае ролю парламента».

Парламенцкая асамблея АБСЕ заклікае ўлады Беларусі да «выканання сваіх абавязацельстваў у рамках АБСЕ ў адносінах да свабоды сходаў і свабоды выказвання меркаванняў і да лібералізацыі заканадаўства і практыкі шляхам прадастаўлення грамадзянам права на выказванне грамадскага пратэсту як у інтэрнэце, так і па іншых каналах».

У рэзалюцыі гаворыцца пра неабходнасць адмяніць усе ўжо вынесеныя ў Беларусі смяротныя прысуды і неадкладна прыступіць да працы па адмене смяротнага пакарання.

belapan.com

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні