Мікалай Статкевіч: Палецкіс клапоціцца аб перапраўцы грузаў праз Клайпеду

Палітвязень раскрытыкаваў справаздачу дакладчыка дэлегацыі Еўрапарламента аб Беларусі.

Пра гэта Мікалай Статкевіч паведаміў у лісце сваёй жонцы Марыне Адамовіч.

«Прачытаў пра даклад Палецкіса. Здзівіўся ягонай тэзе аб «паляпшэнні сітуацыі» ў 2012 годзе. Наколькі я памятаю, у гэты год чацвёра з «палітычных» былі пастановамі судоў пераведзеныя з калоній у турмы. А гэта істотнае пагаршэнне сітуацыі для нас. Напрыклад, у савецкія часы адзін дзень у турме (у СІЗА) залічваўся за два дні ў калоніі. Я ўжо не кажу пра той ціску, які давялося вытрымаць большасці з нас. Калі гэта «паляпшэнне», то што тады «пагаршэнне»? І такое ўражанне, што спадар Палецкіс клапоціцца не пра паляпшэнне сітуацыі тут, а пра аб’ёмы перавалкі грузаў Клайпедскага порта. У лепшым выпадку», – мяркуе палітычны вязень.

Ён таксама выказаў сваё меркаванне наконт беларуска-расейскіх стасункаў.

«Па БТ даведаўся пра авіябазу – ізноў «нагнулі». Нафтавы баланс цяпер, мабыць, падпішуць, але грошы праедзеныя, а потым прыйдзе час новага балансу. І што далей?», – падкрэсліў Мікалай Статкевіч.

Нагадаем, Мікалай Статкевіч быў адным з кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года. Быў арыштаваны пасля масавай дэманстрацыі пратэсту супраць іх фальсіфікацый.

26 траўня 2011 года палітык быў прысуджаны судом Партызанскага раёна Менска да 6 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму.

Пастановай суда ад 12 студзеня 2012 умовы адбыцця пакарання былі змененыя на больш жорсткія, і ён быў пераведзены з калоніі №17 у Шклове ў турму №4 Магілёва.

Статкевіча часта кідаюць у карцэр, палітвязень абмежаваны ў перадачах і сустрэчах са сваякамі, на загад уладаў у дачыненні да яго чыняцца правакацыі.

charter97.org

- у навінах

 

Іншыя палітычныя вязьні