Ізноў “дэстабілізацыя абстаноўкі”. Цяпер у справе Гайдукова

З 12 чэрвеня У Віцебску судзяць 23-гадовага рабочага наваполацкага заводу “Нафтан” Андрэя Гайдукова, які абвінавачваецца ў здрадзе дзяржаве. Маладому чалавеку пагражае ад 7 да 15 гадоў турмы. Суд праходзіць у закрытым рэжыме. Супрацоўнікі міліцыі і спецслужбаў не пускаюць у будынак актывістаў, сваякоў Гайдукова, прадстаўніка Еўразьвязу, праваабаронцаў і прэсу. Журналістам перашкаджаюць працаваць — здабываць інфармацыю і нават рабіць здымкі знадворку, каля будынка суда. Акрамя таго, па сьведчаннях відавочцаў, людзям абсалютна беспадстаўна пагражаюць затрыманнямі.

Такім чынам, інфармацыі па справе Гайдукова вельмі бракуе. Фактычна звесткі аб любых дэталях старанна блакуюцца ўладамі. Андрэй Гайдукоў быў затрыманы КДБ 8 лістапада 2012 года і абвінавачаны ў супрацоўніцтве з замежнымі спецслужбамі. Афіцыйныя прадстаўнікі сілавых ведамстваў паведамлялі, што злавілі “шпіёна” нібыта ў час закладкі сакрэтнай інфармацыі ў тайнік. Ніякіх пацьверджанняў гэтаму, аднак, грамадскасьці дагэталь не прадстаўлена. Больш за тое, за прайшоўшыя з дня арышту сем з лішнім месяцаў няма ўдакладненняў, у чым менавіта была “здрада Радзіме” з боку Гайдукова і ў працы на якую краіну ён працаваў. Спачатку паведамлялася, што нібыта на ЗША. Але прайшло сьледства, распачаўся судовы працэс, а вакол тэмы “шпіянажа” і “здрады” усталявалася поўнае афіцыйнае маўчанне. Больш за паўгады арыштаванага “шпіёна” трымалі то ў віцебскім СІЗА КДБ, то ў менскай “амерыканцы”, сумнавядомай катаваннямі апазіцыянераў пасля Плошчы-2010 і ўтрыманнем расстраляных па справе выбуху ў метро Канавалава і Кавалёва. Гайдукоў увесь гэты час ня меў спатканняў са сваякамі і амаль не пісаў лістоў. “Вясна” ды іншыя правабарончыя арганізацыі білі трывогу: па аналогіі са згаданымі вышэй справамі, з’явіліся сур’ёзныя падозранні, што на Андрэя аказваецца моцны маральны ціск і прымяняюцца катаванні.

Пры гэткім нагнятанні татальнай невядомасьці спраўдным інфармацыйным прарывам выглядае ліст Андрэя Гайдукова, які атрымала напярэдадні суда віцебская каардынатарка камітэта па стварэнню БХД, маці палітвязьня Таццяна Севярынец. Цытаты з ліста і яго фотакопію зьмясціла 12 чэрвеня на сваім сайце незалежная газета “Наша Ніва”.

“Я абвінавачваюся ў тым, што мог пагражаць нацыянальнай бясьпецы, — піша Гайдукоў, — што характарызуецца як пасягальніцтва на канстытуцыйны строй Рэспублікі Беларусь; навязванне Рэспубліцы Беларусь палітычнага курса, які не адпавядае яе нацыянальным інтарэсам. Характар магчымага ўрону можа выяўляцца ў дэстабілізацыі сацыяльна-палітычнай сітуацыі. У тым, што шукаў фінансаванне на сваю дзейнасьць у фондзе амбасады ЗША (ЦРУ ЗША па версіі КДБ). (Падкрэсьліванні аўтара ліста. – palitviazni.info)

З прычыны дэфіцыту інфармацыі па справе Гайдукова праваабаронцы яшчэ не змаглі вынесці ўзважанае рашэнне, ці ёсьць Андрэй Гайдукоў палітвязьнем. Тым ня менш, шэраг апазіцыйных і грамадскіх арганізацыяў у Беларусі ўжо праводзіў акцыі ў падтрымку яго менавіта як ахвяры палітычных рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі.

Андрэй Гайдукоў, па словах яго маці, — асоба рознабаковая. Працу на “Нафтане” ён сумяшчаў з вучобай на завочным аддзяленні Полацкага ўніверсітэта. Улетку 2011 года Андрэй браў удзел у акцыях “маўклівай рэвалюцыі” у Менску. Як вынікае з расповядаў сяброў Андрэя, падчас гэтых акцый ён пазнаёміўся з Яўгенам Канстанцінавым, які прыцягнуў яго да супрацоўніцтва ў “Саюзе маладых інтэлектуалаў”, якім кіраваў. Хутка Андрэй Гайдукоў стаў ягоным намесьнікам. Андрэй спрабаваў зарэгістраваць грамадскую арганізацыю як міжнародную.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Іван Гапонаў
  • Максім Дашук
  • Антон Койпіш
  • Зьміцер Мядзьведзь
  • Аляксандар Шалайка